Выстава да 207-й гадавіны з дня нараджэння Юзафа Крашэўскага
31 ліпеня 2019 года a 16 гадзіне ў Музеі-сядзібе „Пружанскі палацык” (вул. Савецкая, 50, г. Пружаны) адкрыецца мастацкая выстава „Мастак думкі і слова. Вандроўкі па мясцінах Юзафа Ігнацыя Крашэўскага». Выстава прымеркавана да 207-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка.
Выстава з’яўляецца завяршальным акордам у падарожжах маладых мастакоў Берасцейшчыны па месцах, звязаных з жыццём і творчасцю вядомага польскага пісьменніка XIX стагоддзя, публіцыста, мастака і музыканта Юзафа Ігната Крашэўскага (1812-1887). Пры падтрымцы Генеральнага консульства РП у Берасці берасцейскія арт-майстры правялі чатыры пленэры ў найбольш значных для станаўлення пісьменніка месцах – на Падляшшы і Пружаншчыне, дзе Крашэўскі правёў свае дзіцячыя гады. На выставе будуць прадстаўлены 25 работ берасцейскіх мастакоў, натхнёных „малой радзімай” неверагодна пладавітага аўтара. Да гэтага мастакі ўжо адкрывалі для сябе і жыхароў вобласці вобразы выдатных культурных дзеячаў Польшчы і Беларусі Напалеона Орды, Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшкі і Тадэвуша Рэйтана.
Асоба Крашэўскага, якому ў Пружанскім музеі прысвечана цэлая экспазіцыя, можа прывесці сучаснага чалавека ў здзіўленне – на яго рахунку больш чым 220 раманаў і аповесцяў, каля 150 апавяданняў і замалёвак, больш за 20 драматургічных твораў і зборнікаў паэзіі, тамы аб падарожжах і ўспаміны аб розных перыядах жыцця, а таксама публіцыстыка на грамадска-палітычныя тэмы і больш за 20 тамоў навуковых прац па гісторыі Польшчы і Літвы, гісторыі літаратуры і культуры, мовазнаўства і этнаграфіі. Крашэўскага таксама смела можна назваць журналістам, мастаком, кампазітарам, калекцыянерам гравюр, малюнкаў, медалёў і графікі. Сам ён усю сваю дзейнасць падсумоўваў вельмі сціпла: «Я быццам бы не літаратар і не мастак, хоць пішу шмат і люблю прыгажосць, я чалавек свайго стагоддзя і сын свайго народа».
Выстава арганізавана Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Берасці, у Абласным моладзевым грамадскім аб’яднаннем «Крыніцы творчасці» сумесна з Музеем-сядзібай «Пружанскі палацык».
Наведаць выставу можна будзе да 15 верасня 2019 года.
Паводле прэс-рэлізу