Падзенне савецкага муру
2019-ы год багаты на круглыя даты. Сёлета грамадзяне, у якіх няма праблемаў з памяццю і сумленнем, узгадваюць не толькі 75-годдзе вызвалення Беларусі, але і 80-годдзе падпісання ганебнага пакта Молатава-Рыбентропа, які і прывёў да крывавай ІІ Сусветнай вайны. Яшчэ адна важная падзея, якая адбылася праз 50 гадоў пасля пакта Молатава-Рыбентропа, – яркая мірная акцыя, што ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Балтыйскі шлях”.
23 жніўня 1989 года каля двух мільёнаў жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі, узяўшыся за рукі, стварылі “жывы ланцуг” даўжынёй 600 кіламетраў. Сваім чынам прыбалты прадэманстравалі ўсяму вольнаму свету прагу да незалежнасці і стварэння самастойных дзяржаваў. Зразумела, гэтая акцыя не адбылася спантанна. Ёй папярэднічала вялікая арганізацыйная і асветніцкая праца народных фронтаў трох прыбалтыйскіх краін, а напярэдадні “Балтыйскага шляху” ўплывовыя эміграцыйныя колы Літвы падпісалі на шведскім востраве Готланд “галандскае камюніке”, якое абвяшчала пачатак руху за незалежнасць Літвы. Будзе лішнім казаць, што маштабную акцыю падтрымлівала абсалютная большасць насельніцтва акупаваных СССР дзяржаваў. Напярэдадні і падчас акцыі храмы білі ў званы, аўтамабілісты сігналілі, рок-музыкі спявалі. Нават усемагутныя савецкія спецслужбы нічога ўжо не маглі зрабіць з імкненнем мільёнаў дамагчыся незалежнасці. Менавіта “Балтыйскі шлях” увёў саюзнае кіраўніцтва ў стан ступара, з якога яно так і не выйшла да моманту распаду камуністычнай імперыі.
Разглядаючы перадумовы арганізацыі самага працяглага “жывога ланцуга” ў гісторыі чалавецтва, варта сказаць, што грамадствы трох прыбалтыйскіх краін даспявалі да ўсведамлення пабудовы ўласных нацыянальных дамоў цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. І спыніць працэс выхаду Літвы, Латвіі, Эстоніі можна было толькі шляхам масавых рэпрэсій і гвалтам, на які ў паміраючага СССР ужо не было рэсурсаў. Прыбалты маладога і сярэдняга веку, якія ў 1989 годзе ўзяліся за рукі ў знак неабходнасці выхаду са складу СССР, чулі пра рэаліі міжваенных дзяржаваў ад сваіх бацькоў і дзядоў. З самага маленства яны ведалі, што камуністычная прапаганда ўвесь час імкнулася прыхарошыць тэрор у дачыненні да карэннага насельніцтва трох дзяржаваў. Зрэшты, высокі ўзровень нацыянальнай свядомасці, уласцівыя для літоўцаў, латышоў і эстонцаў, якраз быў абумоўлены міжваенным 20-годдзем, калі гэтыя тры народы мелі ўласныя дзяржавы. Нягледзячы на аўтарытарныя тэндэнцыі, уласцівыя гэтым міжваенным дзяржаўным утварэнням, падмурак дзяржаўнасці быў закладзены трывала і якасна. У выніку, у 1991 годзе ўсе тры прыбалтыйскія краіны выйшлі на старт з куды лепшымі дадзенымі, чым іншыя постсавецкія дзяржавы. Прыбалты ясна ўсведамлялі, што менавіта мова і культура з’яўляюцца асновай нацыі, а эканоміка – надбудова. Яны не сумняваліся ў неабходнасці стварэння нацыянальных армій і еўрапейскай арыентацыі. Крок за крокам яны дабіваліся ўваходжання ў склад ЕЗ і NATO, якія сталі своеасаблівымі парасонамі бяспекі для гэтых малых дзяржаваў. Беларусь, на жаль, не дабілася незалежнасці ў 1918 годзе, у выніку чаго нацыябудаўніцтва і стварэнне дзяржавы адбываліся ў каланіяльных рамках савецкай імперыі. Наступствы гэтага мы адчуваем і да гэтага моманту, калі знаходзімся ў прыніжальнай і крытычнай залежнасці ад “партнёра” па Саюзнай дзяржаве.
У 30-ую гадавіну “Балтыйскага шляху” прыбалты плануюць рэканструяваць грандыёзную акцыю. А што да беларусаў, то хацелася б калісьці таксама ўбачыць мільёны суайчыннікаў, якія б утварылі “жывы ланцуг” ад абласных гарадоў да Менска ў гонар незалежнасці. І хацелася б, каб такая падзея адбылася без драматычных абставінаў, з якімі сутыкнуліся Літва, Латвія і Эстонія ў перыяд савецкай акупацыі.