Загадка ад Барыса Хамайды



Найстарэйшы  віцебскі апазіцыянер і распаўсюднік незалежнай прэсы  праводзіць “угадайку” для сваіх землякоў.

Да “сіняга дому”, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускія кнігі і часопісы, Барыс Хамайда прынёс рэпрадукцыю гравюры мастака Генадзя Ціханава:

– Вось па гэтай карціне трэба ўгадаць, які будынак намаляваны і ў якім ён горадзе. І калі чалавек угадае, то прызам яму будуць беларускія кніжкі. Няхай хоць усе забірае – не шкада, калі ён угадае, што намалявана на гэтай карціне.

Па праўдзе сказаць, проста ўгадаць наўрад ці атрымаецца: каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць гісторыю Беларусі. На думку Барыса Хамайды, гістарычная падзея 100-гадовай даўніны, якая адбылася ў будынку, адлюстраваным на выяве, мае непасрэдную сувязь з падзеямі 27-га ліпеня 1990-га году. Менавіта таму “ўгадайка” прысвечана заўтрашнім угодкам прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.

Загадка Барыса Хамайды  адрасавана найперш жыхарам Віцебску. Бо пераможцам з іншых гарадоў давядзецца адмыслова прыехаць да Барыса Хамайды, каб атрымаць свае прызы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя