Баскетбалісткі „Цмокі-Мінск” даведаліся супернікаў у групавым этапе Еўракубка-ФІБА



Баскетбалісткі „Цмокі-Мінск” даведаліся супернікаў у групавым этапе Еўракубка-ФІБА.

Па выніках лёсавання, якое адбылося ў Мюнхене, чэмпіён Беларусі згуляе ў групе D разам з камандамі „Ружомбэрак” (Славакія), „Енісей” (Расея) і „Хатай ББ” з Турцыі, колеры якога абараняе гулец зборнай Беларусі Кацярына Сныціна.

Хакеісты „Юнацтва” і „Нёмана” паспяхова стартавалі ў міжнародным турніры ў Гародні

Хакеісты „Юнацтва” і „Нёмана” паспяхова стартавалі ў міжнародным турніры памяці Аляксандра Дубко ў Гародні. У першым туры менскае „Юнацтва” згуляла з піцерскім „Дынама” і дамаглося перамогі ў авертайме – 2:1. У расейскай каманды голам адзначыўся беларускі нападнік Артур Гаўрусеў. У другім матчы дня гаспадары здабылі перамогу над „Сахалінам”. Гарадзенскі „Нёман” саступаў 0:2 і 2:3, аднак у трэцім перыядзе здолеў даціснуць суперніка – 4:3.

Кіраўнік МЗС Латвіі: шэнгенскія візы для беларускіх заўзятараў не адмяняюцца

Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс паведаміў, што яго краіна не адменіць візы для беларусаў на час ЧС-2021. Латвія і Беларусь прымуць чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе.

«Яшчэ ёсць паўтара года, але мы працуем над тым, каб спрасціць выдачу віз для заўзятараў. Мы не можам адмовіцца ад візаў цалкам, таму што мы члены шэнгенскай зоны» – паведаміў чыноўнік.

Паўабаронца Міхаіл Гардзейчук растаўся з „Таболам”

Паўабаронца Міхаіл Гардзейчук пакінуў казахстанскі „Табол”. Рашэнне пра скасаванне кантракта было прынята па ўзаемнай згодзе, паведамляе прэс-служба клуба. У складзе Кастанайскага клуба футбаліст правёў 20 матчаў і забіў 3 галы.

20-гадовы брамнік „Дынама-Брэст” Арцём Дзенісенка працягне кар’еру ў „Руху”. Як паведамляе твітар берасцейцаў, арэнднае пагадненне разлічана да канца бягучага сезона.

Яўген Цуркін не выйшаў у фінал чэмпіянату свету на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем

Беларус Яўген Цуркін не выйшаў у фінал чэмпіянату свету на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем. На паўфінальнай стадыі наш суайчыннік паказаў, апошні, 16-ы вынік. Спаборніцтвы праходзяць у паўднёвакарэйскім Кванджу.

Там жа ў ранішняй кваліфікацыі 14-гадовая кітаянка Ючын Ван прабілася ў паўфінал на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем з 10-м часам – 26,13. Тым самым кітайская школьніца 2005 года нараджэння перасягнула паказчык беларускага вундэркінда Анастасіі Шкурдай, якая два гады таму ў аналагічным 14-гадовым узросце выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага класа з вынікам 26,37.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота naviny.by