Румынія заблакавала транзіт расейскіх танкаў у Сербію
Румынія заблакавала транзіт расейскай ваеннай тэхнікі ў Сербію з прычыны санкцый Еўразвязу, якія былі ўведзены ў адказ на расейскую агрэсію ва Украіне. Гэтую інфармацыю румынскаму сайту Mediafax пацвердзілі ў міністэрстве замежных спраў Румыніі 26 ліпеня.
Транспарціроўку ваеннай тэхнікі па Дунаі румынскія ўлады заблакавалі яшчэ ў пачатку тыдня, не выдаўшы ліцэнзіі на перавозку грузаў па сваёй тэрыторыі.
З-за адмовы выдаць ліцэнзію 25 ліпеня міністэрства замежных спраў Сербіі выказала пратэст і звінаваціла Румынію ў парушэнні палажэнняў Дунайскай канвенцыі.
У МЗС Румыніі патлумачылі, што для выдачы такой ліцэнзіі патрэбна выканананне некалькіх умоваў. Адной з іх ёсць тое, што паслугі аператара, які перавозіць груз, не павінны наўпрост ці ўскосна адпавядаць інтарэсам фізічных ці юрыдычных асоб з Расеі. Гэтае патрабаванне не было выканана, падкрэслілі ў румынскім знешнепалітычным ведамстве. Як адзначае Mediafax, у Сербію пасля мадэрнізацыі ў Расеі павінны былі прывезці 30 танкаў Т-72Б3 і 30 бронемашын БРДМ-2, а таксама чатыры верталёты Мі-17 і Мі-35. Выданне адзначае, што тэхніку ўрэшце даставілі ў Бялград самалётамі 23 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя