Гародня: VIII Фэст вулічнага мастацтва
27 ліпеня цэнтр Гародні стаў месцам правядзення 8-га БігМініФэсту. На вуліцах горада можна было ўбачыць артыстаў з сямі краін.
Гэта былі мімы, жывыя скульптуры, фрык тэатры, танцавальныя выступы і выступы музыкаў. Пра адметнасць фэсту распавядае яго арганізатарка Наста Роўба:
– У нас атрымалася вывесці яго ў новы фармат. Атрымалася пашырыць колькасць краін. На жаль, да нас не даехаў гішпанец. Магчыма ў наступным годзе ў яго атрымаецца да нас прыехаць. Калі не памыляюся, каля шасці краін удзельнічаюць. Гэта артысты вогненага жару, жывыя статуі, тэатры. У нас у гэтым годзе ўпершыню праходзіць перформанс, які цягнецца тры гадзіны. І для таго, каб зразумець сэнс, варта пачытаць пра тое, што моладзь хоча гэтым сказаць. Яны развесілі ўлёткі, у якіх расказваюць пра свой перформанс.
Апроч тэатральнай і мастацкай часткі на фэсце былі прадстаўлены і беларускія рамеснікі, кажа адна з прадпрымальніц – Галіна:
– Вышыванкі з ільну нашага, беларускага, футболкі таксама нашы, беларускія. Людзі купляюць.
Завяршыўся 8 БігМініФэст у Гародні прыгожым вогненным шоу ў Парку Жылібера.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня