Гуркоў другі раз выйграў чэмпіянат свету Kunlun Fight



Беларус Віталь Гуркоў стаў першым двухразовым чэмпіёнам свету па версіі Kunlun Fight. Пра гэта паведаміў сам спартовец. Ён перамог тайскага саперніка Саіёка Пумпанмуанга. «Дзякуй за падтрымку! Я першы баец, якi здолеў двойчы ўзяць пояс чэмпіёна свету kunlunfight», – напісаў Гуркоў у сваім Instagram. Два гады таму шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў ужо станавіўся пераможцам прэстыжнага турніру ва Ухані, арганізаванага буйным кітайскім прамоўшэн Kunlun Fight. Спаборніцтвы лічацца аднымі з самых аўтарытэтных у свеце.

Федаровіч стала трэцяй на этапе Кубка свету па шашках-100

Міжнародны гросмайстар Вольга Федаровіч стала бронзавым прызёрам этапу Кубка свету па шашках-100 у Рызе. Вядомая беларуская шашыстка, другі нумар сусветнага рэйтынгу, набрала 12 ачкоў з 18 магчымых. Перамагла Арлета Флісікоўска з Польшчы, якая набрала на ачко больш, на другім месцы – украінка Юлія Макаранкава. З беларускіх спартовак у дзясятку таксама трапіла Яна Якубовіч, якая стала восьмай. У жаночым турніры на старт выйшла 41 ўдзельніца з васьмі краін. У этапе Кубка свету сярод мужчын лепшы вынік з беларускіх спартоўцаў паказаў чэмпіён Еўропы 2018, міжнародны гросмайстар Міхаіл Семянюк – шостае месца. Чэмпіён Беларусі Яўген Ватуцін стаў 15-м сярод 81 спартоўцаў з 15 краін. Прызавы фонд этапу Кубка свету ў Рызе склаў 10 000 еўра. Да канца года адбудуцца этапы ў Кітаі, Польшчы, Кюрасао і Ізраілі.

Юніёры перамаглі вугорцаў на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе

Баскетбалісты юніёрскай зборнай Беларусі святкавалі другую перамогу запар на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне В у румынскім горадзе Орадзя. У матчы 3-га тура папярэдняй групы D беларусы сустракаліся з камандай Вугоршчыны і выйгралі з лікам 97:72. Найлепшым у пераможцаў апынуўся Данііл Барысевіч, які набраў 23 ачкі і здзейсніў 10 падбораў пад шчытамі. Напярэдадні беларускія баскетбалісты разграмілі аднагодкаў з Аўстрыі з лікам 82:59, а ў першым туры саступілі партугальцам з вынікам 70:88. Свой наступны паядынак падначаленыя Аляксандра Падзерачова правядуць заўтра з камандай Косава, а 31 ліпеня завершаць папярэдні этап гульнёй са шведамі.

Сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі па футболе

Напярэдадні завяршыліся яшчэ пяць сустрэч 1/16. Перамог дамагліся каманды вышэйшай лігі нацыянальнага чэмпіянату. Самым напружаным атрымаўся паядынак паміж „Лідай” і „Слуцкім”. У асноўны і дадатковы час сапернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю 3:3. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку слуцкіх футбалістаў – 3:2. У двух гульнях перавага каманд элітнага дывізіёна была вельмі значнай – менскі „Энергетык-БДУ” разграміў дзяржынскі „Арсенал” з лікам 6:0, а сталічнае „Тарпеда” было мацней за „Клецк” – 7:2. Яшчэ дзве сустрэчы завяршыліся з аднолькавым лікам 3:1 – футбалісты „Мінска” абыгралі бабруйскую „Белшыну”, а „Іслач” перамагла „Ашмяны-БДУФК”. Раней у 1/8 фіналу выйшлі берасцейскае „Дынама”, „Гомель”, магілёўскі „Дняпро”, мазырская „Славія”, менскае „Дынама”, барысаўскі БАТЭ, салігорскі „Шахцёр”, „Віцебск”, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, а таксама два прадстаўнікі першай лігі чэмпіянату Беларусі – наваполацкі „Нафтан” і гомельскі „Лакаматыў”.

Хацкевіч выйграў Суперкубак Украіны

Кіеўскае „Дынама”, якое ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксандрам Хацкевіч, адолела данецкі „Шахцёр” у матчы за Суперкубак Украіны – 2:1. На перапынак „бела-блакітныя” сыходзілі ў ролі адстаючых. ЦСКА, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, узяў верх над „Лакаматывам” ў матчы 3-га тура чэмпіянату Расеі – 1:0. Пераможны мяч з пенальці забіў нападнік Фёдар Чалаў. Адзінаццаціметровы быў прызначаны дзякуючы сістэме відэадапамогі арбітрам. ЦСКА з шасцю ачкамі ідзе пятым у турнірнай табліцы, у „Лока” чатыры балы і дзевятая пазіцыя.

Герасімаў прабіўся ў наступны раўнд мексіканскага турніра

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які мае 133-й нумар сусветнага рэйтынгу, паспяхова стартаваў у кваліфікацыі турніру ў мексіканскім Лос-Кабасе. У першым кваліфікацыйным раўндзе беларус перайграў прадстаўніка ЗША Дэніса Новікава – 4: 6, 6: 2, 7: 5. Наступным сапернікам Ягора Герасімава будзе французскі тэнісіст Максім Жанвье.

Ферстапен стаў першым на „Гран-пры Нямеччыны”

Пілот каманды „Рэд Бул” нідэрландзец Макс Ферстапен выйграў „Гран-пры Нямеччыны”. Другое месца заняў немец Себасцьян Феттель на „Ферары”, трэцяе – расеец Данііл Квят з „Тора Роса”. Гонка пачалася ў дажджавых умовах, па ходу „Гран-пры” надвор’е і сітуацыя на трасе не раз мяняліся, таму шматлікія пілоты правялі па пяць піт-стопаў. Таксама здарылася некалькі сходаў з дыстанцыі. У прыватнасці, машыны разбілі Шарль Леклер з „Ферары”, Валтэры Боттас з „Мерседэса”, Ніка Хюлькенберг з „Рэно” і Серхіа Перэс з „Рэйсінг Пойнт”. Таксама памылку здзейсніў Люіс Хэмільтан, які пашкодзіў машыну і атрымаў штраф за няправільны ўезд на піт-лейн.

Юэн выйграў заключную гонку на „Тур дэ Франс”

Кэлеб Юэн з Аўстраліі выйграў заключны этап велашматдзёнкі „Тур дэ Франс”. Выніковую перамогу святкаваў калумбіец Іган Арлі Берналь з каманды INEOS. Другое месца ў яго напарніка брытанца Герэйнта Томаса, а трэцяе ў прадстаўніка каманды Jumbo-Visma нідэрландца Стывена Крэйсвіка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя