Wizz Air вясной 2020 года адкрые прамы рэйс Будапешт-Менск
Венгерская авіякампанія Wizz Air вясной 2020 года пачне ажыццяўляць палёты па маршруце Будапешт-Менск. Пра гэта паведаміў БЕЛТА дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Арцём Сікорскі.
„Венгерская авіяцыйная адміністрацыя накіравала на адрас Дэпартамента па авіяцыі праект мемарандума аб узаемаразуменні па прызначэнні з сезона IATA вясна-лета 2020 на лінію Будапешт-Менск венгерскага перавозчыка Wizz Air. У цяперашні час вядзецца праца па яго ўзгадненні і падпісанні” – сказаў дырэктар дэпартамента.
Ён таксама паведаміў, што авіяцыйныя ўлады Беларусі ўзгаднілі частату палётаў з расейскімі калегамі на сезон IATA восень-зіма 2019-2020. Яна застанецца на ранейшым узроўні – 63 рэйсы ў тыдзень для кожнага з партнёраў.
Wizz Air – венгерская лоукост-авіякампанія, адна з найбуйнейшых у свеце. Працуе галоўным чынам на рынку Цэнтральнай Еўропы.