Змаганне за свабоду ў Расеі
Пасля падзей 2014 года, калі Расея ў адкрытую пайшла на парушэнне міжнародных дамоўленасцяў і ажыццявіла анексію ўкраінскай паўвыспы Крым, многія беларусы жахнуліся імперскім абліччам Масквы. Тое, што прадказваў на мітынгах у сярэдзіне 1990-х Зянон Пазьняк, стала рэальнасцю. Калі раней прамовы лідара КХП-БНФ ацэньваліся беларускім грамадствам часта як несвоечасовы радыкалізм, то цяпер нават многія ягоныя апаненты фактычна паўтараюць тэзісы Пазьняка слова ў слова пра падступны Крэмль і яго неўтаймаваныя геапалітычныя апетыты. Што тут сказаць, Уладзімір Пуцін здорава згуляў на рэваншысцкіх настроях грамадства, калі ажыццявіў далучэнне Крыма да РФ. Яго палітыку падтрымала абсалютная большасць расейцаў, як сведчаць дадзеныя сацыялогіі. Больш за тое, нават расейскія лібералы не прыхоўвалі радасці ад “акта гістарычнай справядлівасці”. Сярод топавых апазіцыянераў знойдзецца каля дзясятка, якія ўцямна і адкрыта гавораць пра злачынную афарбоўку цяперашняй расейскай знешняй палітыкі. Гэта і зразумела, бо ва ўсіх перад вачыма паказальнае забойства Барыса Нямцова – ці не адзінага палітыка, які не стрымліваў сябе ў выказваннях на адрас кіруючай групоўкі, крытыкаваў неаімперыялізм і палітыку ў дачыненні да Украіны.
Рэакцыя беларускацэнтрычных людзей на ўсплеск расейскага шавінізма была заканамернай. Па ўсёй краіне людзі пачалі самаарганізоўвацца ў моўныя курсы, паспяхова зладзілі святкаванне 100-годдзя БНР, распачалі шматлікія інфармацыйныя кампаніі і праводзілі маніторынг прапаганды. Усё гэта, на жаль, рабілася і робіцца амаль што высілкамі грамадзянскай супольнасці. Беларуская дзяржава да гэтай працы не далучылася. Заканамерна, што паступова Расея перастала быць цікавай для лідараў меркаванняў, а яе мастацтва, літаратура, рок-музыка і ўсё астатняе, чым падсілкоўваліся беларусы сярэдняга ўзросту ў культурным плане, раптам сталі чужым і малазразумелым. Зразумела, што большасць суайчыннікаў, якія чэрпаюць інфармацыю з традыцыйных СМІ (тэлебачанне, радыё), па-ранейшаму трымаюцца за пупавіну, якая злучае іх з метраполіяй. Але тэндэнцыя вымалёўваецца адназначная: Масква займае ўсё менш месца ў галовах беларусаў.
Аднак раз-пораз некаторыя падзеі ў РФ усё-такі прарываюць блакаду, як, напрыклад, апошні пратэст маладых масквічоў супраць нахабных выбарчых фальсіфікацый. Нечакана для многіх, нават для расейскіх уладаў, адукаваная моладзь раптам выйшла на вуліцу, абурыўшыся тым, што даўно не кранае іх закаснелых бацькоў. Дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі супраць таго, што іх кандыдатаў не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах па прычыне быццам бы несапраўдных подпісаў. Пратэст, які мусіў адбыцца каля мэрыі Масквы, перарос прадказальна ў гарадскія баталіі. Улады кінулі супраць моладзі элітныя спецпадраздзяленні і “Расгвардыю”. Каля 700 чалавек у выніку сутычак з паліцыяй былі траўмаваныя, амаль 1400 чалавек трапілі ў пастарункі.
Пратэст расейскай моладзі супраць крывадушнай сістэмы паказаў, што ў РФ нараджаюцца сілы, якія стаміліся ад пастаяннай хлусні на ТВ, агрэсіўнай знешняй палітыкі і карупцыі элітаў. Лідары расейскіх пратэстаў у твар фальсіфікатарам заяўляюць, што яны перамогуць, бо любяць не свае вілы ў Францыі і Італіі, а вуліцы Масквы. І гэтаму пафасу хочацца верыць. Расейская моладзь у вялікіх гарадах вяртае надзею на тое, што гэтая дзяржава некалі вернецца на цывілізаваны шлях развіцця, перастане быць ізгоем і страшылкай для суседзяў.