Аляксандр Краўчук: Лукашэнка пачынае ашчаджаць на інвалідах
Камісія пры Кобрынскім райвыканкаме для выдзялення дзяржаўнай адраснай дапамогі па Указу прэзідэнта №41 адмовіла Інваліду 2-й групы Аляксандру Краўчуку з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна ў матэр’яльнай дапамозе.
Пасля нядаўняй аперацыі яму патрабуецца рэабілітацыя, санаторна-курортнае лячэнне і інвалідны вазок, кажа Аляксандр Краўчук:
– Яны фактычна пазбавілі мяне магчымасці рэабілітацыі і санаторна-курортнага лячэння. Сыходзячы з той эканамічнай сітуацыі, да якой давёў Лукашэнка са сваім урадам краіну, пачынаюць ашчаджаць на інвалідах.
З 7 членаў камісіі 3 чалавекі прагаласавалі “за”, 4 – “супраць”. Сярод прагаласаваўшых “супраць” аказалася сама старшыня Кобрынскага грамадскага аб’яднання інвалідаў Валянціна Кірылюк. Паводле старшыні, Краўчук – прафесійны скаржнік, сына вучыць у Польшчы і ў гэтым годзе яму ўжо выдзялялася 1000 рублёў:
– Ён у нас прафесійны скаржнік. Вы б паслухалі спачатку, што ён там казаў на прэзідэнта, што мы яму не даем грошы таму, што мы на чарговую машыну прэзідэнту збіраем. Можна паразмаўляць пра такое на кухні.
Згодна Указу №41, адрасная дапамога прадстаўляецца ў памеры не перавышаючым 10-кратнага памеру пражыткавага мінімуму ў залежнасці ад жыццёвай сітуацыі. У Краўчука цяжкая сітуацыя. За выкапаны на сваёй сядзібе вадаём яго аштрафавалі на 5000 рублёў. Грошы вылічваюць з пенсіі ў 320 рублёў. На ўтрыманні інваліда двое дзяцей: сын-студэнт і 10-гадовая дачка.
Беларускае Радыё Рацыя