Не хадзіце ў царкву – ідзіце ў ЗАГС ці клуб!



Актыўнае адраджэнне царкоўнага жыцця амаль пасля 70 гадовага прыгнёту атэістычнай улады наўпрост звязана з праектам Міхаіла Гарбачова “Перабудова СССР”. Напрыканцы 1980-х гадоў па ўсёй краіне Саветаў абнаўлялі дзейнасць праваслаўныя епархіі, прыходы, як і каталіцкія дыяцэзіі. Рэлігійныя свабоды станавіліся рэальнасцю.

Маштабнае святкаванне 1000-годдзя Хрышчэння Русі засведчыла нязломнасць вернікаў і ў нейкім сэнсе перамогу над Кампартыяй СССР. Чым больш назіраліся змены ў жыцці краіны, тым больш праяўляла сябе незадаволеная наменклатура, якую б у 1917 годзе самі ж бальшавікі назвалі “контрай” і “ворагамі”. Канечне, былі ідэйныя людзі, якія наўпрост не ўспрымалі розныя свабоды, адыход ад камуністычнай лініі, але большасць наменклатуры баялася згубіць свой статус. І тыя і тыя знаходзіліся ў агоніі.

Менавіта агоніяй магчыма назваць выкіды, што рабіліся ў бок прыхільнікаў “перабудовы” і “дэмакратычных рэформаў”. Адной з такіх праяў стала публікацыя “Бласлаўляем без малітвы” ў 1987 годзе ў газеце друкаванага органа Пінскага райкама КПБ. Трэба адзначыць, што на той момант ужо 10 храмаў адрадзілі сваю дзейнасць у межах сучаснай Пінскай епархіі і ўсё рухалася да таго, што самая епархія неўзабаве адновіць сваю працу. Гэта і здарылася ў 1989 годзе. Тым не менш артыкул пабачыў свет, як рэакцыя на перамены ў грамадстве.

Розум супраць рэлігіі – новыя абрады ў побыт

Гэтыя словы былі напачатку артыкулу, як тэзіс, але ж першыя радкі сведчаць пра іншае. Сам аўтар не адмаўляў такія абрады, як Купалле, Дажынкі, свята вёсак. Што ж датычна рэлігійных, то адразу ж называў іх перажыткам мінулага. Купалле і Дажынкі таварыш Марковіч лічыў народнымі, а значыць ледзь не камуністычнымі і крапка. Цяпер вядома, што гэтыя святы маюць непасрэдную сувязь з верай.

(…) Асаблівае значэнне мы надаем абрадам шлюбу і рэгістрацыі нованароджаных, з даўніх часоў былым прывілеем царквы і акружаным арэолам боскіх таямніц, рэлігійнай сімволікі. У нас цяпер маладыя людзі, якія бяруць шлюб, аддаюць перавагу ўрачыстаму шлюбу ў Доме культуры. Цікава праходзіць рэгістрацыя імёнаў нованароджаных…

Далей аўтар пералічвае, як маладажоны і маладыя бацькі радуюцца, калі ва ўрачыстай атмасферы ім ўручаюць дакументы. Які гэта гонар, калі іх злучаюць актам БССР і гучыць гімн СССР альбо імя надаюць іх дзіцяці, то ўсе плачуць. Маўляў, менавіта такога чакаюць, а не папоўскіх забабонаў і малітваў.

Калі ідэалогія не дзейнічае

Бывае ж і такое. На гэты момант аўтар пакінуў наступны ход: “Абрад зафіксуе фатограф камбіната бытавога абслугоўвання і маладыя пары, бацькі атрымаюць на памяць аб гэтай радаснай падзеі фотаздымкі. Дзень рэгістрацыі шлюбу, нованароджаных стане для іх сапраўды незабыўным”.

Нам трэба фанатыкі Кампартыі, а не царквы

Ну калі ўжо і пастка з фатографам не па ўплывае, то аўтар нататкі на ўсялякі выпадак націснуў на ідэалогію: “Па-першае, рэлігія – гэта сістэма ілжывых уяўленняў пра свет, несумяшчальных з навуковым светапоглядам. Па-другое, рэлігія – адзіная форма ідэалогіі, чужая марксізму-ленінізму і існуючая ў СССР і сацыялістычных краінах легальна. Патаму буржуазна- клерыкальная прапаганда імкнецца выкарыстоўваць рэлігію ў ідэалагічных акцыях супраць краін сацыялізму”

Пасля аўтар кажа, што ўсе вернікі царквы – гэта фанатыкі і такія грамадству не трэба. Цікава, што самі бальшавікі напрацягу ўсёй сваёй улады імкнуліся пабудаваць “грамадства веруючых фанатыкаў”, то ў Леніна, то ў Сталіна і г.д. Менавіта таму ў рэлігійных інстытутах, а не нейкіх партыях, яны перш за ўсё бачылі канкурэнтаў і імкнуліся знішчыць царкву, касцёл.

Удар па замежных радыёстанцыях

Нагадаем, што ўжо быў 1987 год і царкоўнае жыццё адраджалася, але тым не менш аўтар “Бласлаўляем без малітвы” не абмінуў антысавецкія СМІ. Пад удар трапілі “Радыё Свабода”, “Голас Амерыкі”, “Радыё Ватыкан”, Бі-бі-сі”, “Нямецкая хваля” ды “Свабодная Еўропа” і ўсё з-за таго, што на гэтых хвалях магчыма было пачуць словы святароў.

Больш за ўсё таварыша аўтара абураў наступны факт: “Маюцца выпадкі з’яўлення ў нашых гарадах бадзяжных прапаведнікаў, якія, карыстаючыся магнітафонамі, рэкламуюць замежныя радыёперадачы. Падобныя дзеянні не маюць нічога агульнага са свабодай сумлення, з задавальненнем рэлігійных патрэбаў. Яны служаць толькі на руку сілам, варожым камунізму”. Бальшавікі за 70 год свайго панавання на тэрыторыі былой Расейскай імперыі так і не зразумелі, што вера – гэта не нешта палітычна-ідэйнае, гэта значна болей, а для кагосьці рэальнае жыццё. Яны спрабавалі пабудаваць сваю веру ў Кампартыю, сваіх правадыроў, але не разумелі штучнасці дзеянняў і як вынік – прайгралі і моцная кропка на тым гучанне сёння званоў на пакутніцкай зямлі Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя