Станіслаў Багданкевіч: Адзіная валюта – заключны этап аб’яднання ў адзіную дзяржаву



Былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, чаму беларускія ўлады будуць да апошняга адмаўляцца ад увядзенне ў Саюзнай дзяржаве адзінай валюты.

Днямі спікер Савета Федэрацыі Расеі Валянціна Мацвіенка заявіла, што будаўніцтва Саюзнай дзяржавы немагчыма без выканання такіх умоў, як адзіная валюта і фінансы.

Станіслаў Багданкевіч: Па вялікім рахунку, Мацвіенка сказала правільныя словы. Калі сур’ёзна падыходзіць да стварэння Саюзнай дзяржавы, як адзінай структуры, то патрэбна адзіная валюта, адзіны бюджэт і адзіны ўрад. Праўда, у такім выпадку давядзецца забыцца пра суверэнітэт.

РР: Ці магчыма ў Саюзнай дзяржаве наяўнасць двух эмісійных цэнтраў?

– На мой погляд, гэта немагчыма. Наяўнасць асобнага эмісійнага цэнтра дазволіць, скажам, Беларусі выпускаць расейскую валюту ў той колькасці, якую захоча. Гэта дэзарганізуе грашовую сістэму, і Масква на гэта ніколі не пойдзе.

Пры Саюзе Беларусі вызначаўся ліміт, па якім можна было надрукаваць грошы, але ж пра самастойнасць не ішло і размовы. Эмісійны ліміт устанаўліваўся заўсёды ў Маскве.

РР: Могуць беларускія ўлады пайсці на ўвядзенне адзінай валюты?

– Я думаю, што яны будуць супраціўляцца да апошняга. Адзіная валюта – гэта заключны этап аб’яднання ў адзіную дзяржаву. А беларускі рэжым, наколькі я зразумеў, не асабліва хоча перадаваць свае паўнамоцтвы Крамлю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя