Жаданні і магчымасці не заўжды ўтрымліваюць баланс
Падчас чытаеш пра новыя неардынарныя праекты і разумееш, што гэта ўсё здорава, класна, цікава, але ненадзейна і няўстойліва. Быццам нязручны і небяспечны лесвічны пад’ёмнік для інваліднага вазка там, дзе прасцей, танней і бяспечней было б зрабіць пандус… Падчас разумееш, што правільнай дарогай ідуць таварышы, але ўсё ўпіраецца ў магчымасці грамадства да ўспрыняцця пэўных ідэй і падзей. Просты прыклад – кава. Правільней ужываць добрую, натуральную, але многім прасцей распушчальную выпіць. Або гарбатку ў торбачцы… Жыццё такое – хуткае. Месцамі – спартанскае.
Гісторыя з праектам “Інклюзіўны барыста” пацвярджае, што не ўсе гатовы піць добрую каву з рук барыста, якія перамяшчаюцца на вазках або пры дапамозе мыліцаў. Ну, паразмаўлялі мы пра каву і нефарматных барыста то ў Маладзечна, то ў Менску, то ў Гародні… Ну, паразважалі ліберальна і паўсміхаліся міла адзін аднаму… Згадалі праблемы людзей з інваліднасцю… Праект скончыўся – на працу інклюзіўных барыста браць не хочуць. Не, ёсць пару “ўдалых” выпадкаў, але гэтыя выключэнні правіла не змяняюць. Цесныя памяшканні, высокая арэндная плата. Той, хто мае свой кававы бізнэс, не можа ім дзяліцца з іншымі – “чужымі”. Той, хто хацеў бы сваю справу распачаць, не мае першапачатковага капіталу: людзі з інваліднасцю ў Беларусі ў асноўнай сваёй масе харошых зберажэнняў не маюць.
Кава – гэта ўвогуле раскоша! Навукоўцы сцвярджаюць: праз пэўны час з-за зменаў клімату колькасць кававых плантацый моцна скароціцца… І гэта будзе жах для каваманаў.
І веданне моваў можа быць неабходнасцю, а можа стаць раскошай… Вось мітрапаліт Павел днямі заявіў, што не мае часу на вывучэнне беларускай мовы. Многія абурыліся (па шчырасці, гэта не першае такое “неардынарнае” і спрэчнае выказванне святара!), але насамрэч далей у інтэрв’ю тлумачыцца, што ідэя вывучыць мову застаецца – часу не стае… І ўсе разумеюць расейскую. Праўда жыцця? Згадваецца Ірландыя і гэльская мова.
Прыемная размова па-беларуску за філіжанкай добрай кавы і з харошым суразмоўцам – гэта дэфіцыт, раскоша для нашых пустак і балот… Але здараецца, часам здараецца.