Суд цалкам задаволіў іск міліцыі да арганізатараў Дня Волі (абноўлена)



Суд Маскоўскага Раёну горада Менску не задаволіў пазоў арганізатараў Дня Волі ў Менску да менскай міліцыі аб скасаванні дамовы аб аплаце за так званыя паслугі падчас правядзення Дня Волі.

Затое цалкам задаволіў сустрэчны пазоў Менскай міліцыі аб датаковай аплаце гэтых паслугаў, – кажа адзін з заяўнікаў Дня Волі і аўтараў пазову да ГУУС Менгарвыканакам, кіраўнік Беларускай сацыял – дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў:

– Суддзя Вольга Гусакова задаволіла пазоў міліцыі ў поўным аб’ёме. Рашэнне суда – спагнаць з нас, як з арганізатараў мерапрыемства ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка 2019 года, суму памерам 8013 рублёў і 400 рублёў дадаткова. Гэта судовыя выдаткі, якія таксама кладуцца на нашыя плечы. Адпаведна наш пазоў незадаволены.

Па словах Ігара Барысава, суддзя Вольга Гусакова відавочна была на баку прадстаўнікоў міліцыі, усе хадайніцтвы якой задавальняліся. У той жа час важныя хадайніцтвы арганізатараў Дня Волі адхіляліся. Так, не былі далучаны да матэрыялаў справы і не прагледжаныя падчас суду відэазапісы, якія цалкам пацвярджалі пазоў арганізатараў аб неналежным выкананні праваахоўнымі органамі сваіх абавязкаў падчас правядзення мерапрыемства. У сувязі з гэтым Ігар Барысаў заявіў хадайніцтва аб адводзе суддзі, якое таксама не было задаволена.

Таму Ігар Барысаў лічыць працэс і рашэнне суду палітычна матываванымі. У бліжэйшыя дні гэта рашэнне будзе абскарджана ў Менскі гарадскі суд, – заявіў ён.

Беларускае Радыё Рацыя ***

Суд Маскоўскага раёна сталіцы на пасяджэнні 1 жніўня поўнасцю задаволіў іскавыя патрабаванні ГУУС Менгарвыканкама да арганізатараў святкавання Дня Волі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы. Рашэнне вынесла суддзя Вольга Гусакова.

Міліцыя патрабавала спагнаць 6.375 рублёў за перавышэнне колькасці ўдзельнікаў, плату за карыстанне чужымі сродкамі і пеню. Агульная сума іскавых патрабаванняў склала 8.013 рублёў, да іх дадаліся судовыя расходы — 400 рублёў. Адказчыкамі па іску выступілі заяўнікі акцыі з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў і Ігар Барысаў.

З боку арганізатараў святкавання на слуханні прысутнічаў Барысаў, з боку міліцыі — юрысконсульт упраўлення фінансавай службы і тылу ГУУС Менгарвыканкама Дзяніс Зінавенка.

„Будзем абскарджваць у Менскім гарадскім судзе, — заявіў БелаПАН Ігар Барысаў. — Гэта палітычна матываванае рашэнне, іншага выніку чакаць не варта было, але важна было зразумець аргументацыю, як супрацоўнікі міліцыі ажыццяўлялі арганізацыю аховы масавага мерапрыемства. Пасля суда з’явілася больш пытанняў, чым было перад ім. Цяжар на іх не павялічыўся, даказаць аргументавана, што было больш за тысячу чалавек, яны не здолелі”.

Паказанні сведак далі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Сяргей Астаф’еў.

Паводле паказанняў міліцыянера, максімальная колькасць адначасова прысутных на пляцоўцы ўдзельнікаў мерапрыемства склала 1.400. Методыку падліку і колькасць задзейнічаных супрацоўнікаў міліцыі Астаф’еў назваць адмовіўся, спаслаўшыся на службовую характар інфармацыі.

Пры гэтым ён растлумачыў, што каля кожнага прахаднога пункта стаяў супрацоўнік міліцыі і фіксаваў колькасць людзей, якія ўваходзілі і выходзілі, а міліцыянер каля кінатэатра „Кіеў” лічыў людзей на пляцоўцы. Пасля выяўлення факта перавышэння колькасці ўдзельнікаў дадатковыя сілы праваахоўнікаў не задзейнічалі. Супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным на святкаванні было не больш за дзясятак.

Астаф’еў таксама даў тлумачэнні па іншых пунктах іску арганізатараў мерапрыемства. Адносна забароны пакідаць тэрыторыю святкавання з бел-чырвона-белымі сцягамі ён паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі грамадзян аб выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі, таму што не ведалі, для чаго і з якой мэтай гэтая сімволіка будзе выкарыстоўвацца за межамі ахоўнай тэрыторыі.

Тлумачачы „выкраданне” сілавікамі актывістаў апазіцыі Зміцера Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага, Астаф’еў паведаміў, што на самой пляцоўцы, дзе праходзіла мерапрыемства, нікога не затрымлівалі. Паводле яго слоў, Дашкевічу было прапанавана праехаць для разгляду, на што ён пагадзіўся. Рымашэўскаму было прапанавана выйсці за тэрыторыю для прафілактычнай гутаркі.

Паводле слоў прадстаўніка ГУУС, на мерапрыемстве ён папярэджваў Барысава пра перавышэнне заяўленай колькасці ўдзельнікаў (990 чалавек), на што той яму адказаў, што павінен параіцца з іншымі арганізатарамі. Падчас слухання іску Барысаў растлумачыў, што было незразумела, як дзейнічаць у такіх выпадках, бо арганізацыя мерапрыемства згодна з новымі правіламі праходзіла ўпершыню.

Віталь Рымашэўскі заявіў, што на мерапрыемстве прысутнічала 300 удзельнікаў, пра што ён заяўляў са сцэны. Затрыманне Зміцера Дашкевіча, паводле слоў сустаршыні аргкамітэта БХД, праводзілася ля дзіцячай пляцоўкі, на вачах у дзяцей.

„Такім чынам, адбыўся не толькі неабгрунтаваны гвалт у дачыненні да Дашкевіча, але і ў дачыненні да дзяцей”, — лічыць Рымашэўскі.

11 чэрвеня арганізатары Дня Волі падалі іск у суд Маскоўскага раёна сталіцы з патрабаваннем скасаваць з ГУУС Менгарвыканкама дагавор на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу 24 сакавіка. Прычынай стала затрыманне Дашкевіча і Рымашэўскага людзьмі ў цывільным. Істцы не здолелі дамагчыся ад супрацоўнікаў ГУУС растлумачэння прычын іх дзеянняў, а таксама кантактаў сілавіка, які адказваў за бяспеку мерапрыемства. Акрамя таго, арганізатары расцанілі як парушэнне дагавора з міліцыяй забарону пакідаць мерапрыемства з бел-чырвона-белымі сцягамі пад пагрозай затрымання.

Згодна з палажэннем аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, якое было зацверджанае ўрадам у студзені 2019 года, урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў „ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку”. Палажэнне неаднаразова крытыкавалі палітыкі і праваабаронцы.

БелаПАН