Ці лічаць беларусаў талерантнымі выхадцы з краін Афрыкі? 



Экс-футбаліст «Дынама-Брэст» Махамед Адан, які нядаўна ад’ехаў у Швецыю, назваў беларусаў расістамі. Гэтае выказванне спартоўца самалійскага паходжання істотна разыходзіцца з папулярнымі ў нашым грамадстве стэрэатыпамі адносна нашай талерантнасці і памяркоўнасці. Цёмнаскуры футбаліст, нягледзячы на малады век (яму ўсяго 19 гадоў), нямала паездзіў па свеце. Нарадзіўшыся ў самалійскім горадзе Кісмаё, ён у 14 гадоў пераехаў у Швецыю, дзе гуляў за каманду «ГАІС» з Гётэборга. Пазней у складзе «Эргрютэ» стаў адным з лепшых бамбардзіраў моладзевага чэмпіянату Швецыі. Наступнай прыступкай у ягонай кар’еры стала «Эмпалі» ў Італіі, дзе ён гуляў за другую каманду. У лютым 2019 года ён на правах арэнды перайшоў у дубль берасцейскага «Дынама», дзе надоўга не затрымаўся.

У сваім кароткім меркаванні на партале fotbolltransfers.com Махамед Адан распавёў, што за некалькі месяцаў на полі сярод беларускіх гульцоў займеў некалькіх сяброў, але дадаў, што за межамі стадыёна яму было цяжка. «Калі ты чорны, ты не можаш жыць у Беларусі. Яны такія расісты. Гэта немагчыма», – падсумоўвае Махамед Адан. На жаль, гэтае выказванне ніяк не канкрэтызуецца. І мы нават не можам уявіць, што здарылася з гэтым маладзёнам у Беларусі, што прымусіла яго так негатыўна ацэньваць беларускую рэчаіснасць. Разам з тым, багатая на падарожжы біяграфія маладога спартоўца, які правёў большасць свайго жыцця ў Швецыі і Італіі, дае магчымы адказ на пытанне. І Швецыя, і Італія стабільна ўваходзяць у дзясятку дзяржаваў, у якія імкнуцца трапіць мігранты з усіх магчымых праблемных рэгіёнаў планеты. Адпаведна, жыхароў гэтых краін Еўропы не здзівіць сусед з цёмным колерам скуры, паколькі гэта ўжо стала фактычна нормай. Чаго не скажаш пра Беларусь, якая не разглядаецца ўцекачамі з усёй планеты як канчатковае месца прызначэння па зразумелых прычынах.

Дык ці з’яўляюцца беларусы расістамі? Два гады таму спецыялісты Гарвардскага ўніверсітэта апублікавалі вынікі даследавання, у якім вывучалася стаўленне да людзей з цёмным колерам скуры. Тэст быў пабудаваны на вывучэнні эмоцый, якія асацыяваліся з цёмнаскурымі і беласкурымі людзьмі. У выніку «індэкс расізму» ў Беларусі склаў 0,435, што з’яўляецца трэцім месцам па расізму ў Еўропе. «Пальму пяршынства» ў гэтай справе атрымалі чэхі, за якімі ідуць літоўцы. Нашыя суседзі Україна і Польшча – наступныя ў негатыўным рэйтынгу. Што цікава, умовай для праходжання тэсту быў доступ да інтэрнэту і валоданне ангельскай мовай. Адпаведна, усе рэспандэнты з Беларусі, якія прайшлі тэст, з’яўляюцца прадстаўнікамі адукаванай часткі насельніцтва. Гэта значыць, што ў астатнім грамадстве стаўленне да цёмнаскурых людзей можа быць яшчэ горшым.

Аднак дадзеныя гарвардскага даследавання толькі на першы погляд выглядаюць рэлевантнымі. Справа ў тым, што складальнікі тэста сыходзілі з рэалій сваіх дзяржаваў, якія стагоддзямі былі каланіяльнымі, карысталіся актыўна марскім суднаходствам, у выніку чаго шмаілікія партовыя гарады яшчэ паўтысячы гадоў таму станавіліся плавільнымі катламі для розных расаў. Досвед вялікіх марскіх дзяржаваў Партугаліі, Англіі, Францыі наўрад ці можна пераносіць на краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія не мелі заморскіх калоній, таму, натуральна, іх карэннае насельніцтва ніколі ў гісторыі масава не кантактавала з цёмнаскурымі жыхарамі Афрыкі. Дзяржавы нашага рэгіёна толькі пару дзесяцігоддзяў таму сталі адкрытымі для замежнікаў, якія, аднак, з прычыны беднасці краін, што самі некалі былі калоніямі больш магутных еўрапейскіх суседзяў, не з’яўляюцца месцамі прыцягнення для мігрантаў.

Разам з тым, кліматычныя змены на планеце, якая ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі сутыкнецца з дэфіцытам прэснай вады ў перанаселеных рэгіёнах Паўночнай Афрыкі, Індыі, Кітая і Бліжняга Усходу, павінны рыхтаваць нас да таго, што нават Беларусь стане неўзабаве месцам, куды пацягнуцца мільёны людзей з нязвыклым для нас колерам скуры. А ці гатовыя беларусы да такога суседства? Пытанне адкрытае, хоць выпадак з самалійскім футбалістам Махамедам Аданам паказвае, што не гатовыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ