Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі будзе рэарганізаванае



Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП) будзе рэарганізаванае. Гэта прадугледжвае праект канцэпцыі ўдасканалення сістэмы дзяржпадтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з якім азнаёміўся БелаПАН.

Праект канцэпцыі падрыхтавала Міністэрства эканомікі, дакумент знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе. Ён прадугледжвае, што ў краіне з’явіцца Нацыянальнае агенцтва развіцця, якое будзе створанае шляхам рэарганізацыі Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва і Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.

Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі з’явілася ў 2010 годзе пасля таго, як Міжнародны валютны фонд у рамках крэдытнай праграмы рэкамендаваў беларускім уладам паскорыць прыватызацыйныя працэсы ў краіне.

У 2011—2018 гадах НАІП рэалізавала пагадненне з Сусветным банкам па перадпрадажнай падрыхтоўцы арганізацый дзяржсектара, аднак пілотныя прыватызацыйныя праекты не прывялі да складання здзелак. Паводле звестак БелаПАН, адной з прычын з’явілася тое, што патэнцыйныя інвестары не пагадзіліся з беларускімі ўмовамі прыватызацыі.

На думку беларускіх эканамістаў, планаваная рэарганізацыя Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі выглядае лагічнай, улічваючы, што ў краіне практычна адсутнічае прыватызацыя.

„Прыватызацыі ў краіне не адбываецца, вынікаў ад рэалізацыі пілотных прыватызацыйных праектаў з удзелам НАІП не відаць. Адпаведна, напэўна, будзе лепш, калі гэтае агенцтва рэарганізуюць, і яно стане займацца больш перспектыўным напрамкам, а менавіта — дзяржпадтрымкай прадпрымальніцтва”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.

Беларускія бізнес-саюзы мяркуюць, што Нацыянальнае агенцтва развіцця, якое прадметна займалася б дзяржпадтрымкай прадпрымальніцтва, краіне неабходнае. Пры гэтым некаторыя эксперты выказваюць асцярогі адносна досыць шырокага мандату будучага агенцтва.

„Мандат Нацыянальнага агенцтва развіцця прадугледжваецца досыць шырокі — агенцтва, як плануецца, павінна будзе займацца і падрыхтоўкай інвестыцыйных праектаў, і дзяржаўна-прыватным партнёрствам, і падтрымкай прадпрымальніцтва. У нас ёсць боязь, што ў гэтым пераліку пытанняў тэме падтрымкі прадпрымальніцтва не будзе надавацца належнага ўвагі”, — адзначыла ў каментары БелаПАН сустаршыня праўлення, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

Яна таксама звярнула ўвагу, што падтрымліваць прадпрымальніцкую ініцыятыву неабходна ў большай ступені ў рэгіёнах.

„Новае агенцтва, мяркуючы па штатнай структуры, будзе сфарміраванае толькі на рэспубліканскім узроўні, а стварэнне філіялаў агенцтва ў рэгіёнах не прадугледжанае. Хаця менавіта ў рэгіёнах найбольш востра стаіць пытанне развіцця прадпрымальніцтва, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу”, — падкрэсліла Тарасевіч.

Прадстаўнікі бізнес-саюзаў пры гэтым звяртаюць увагу, што сродкі на развіццё прадпрымальніцтва, якія раней выдзяляліся дзяржавай у рэгіёнах, з невядомых прычын не асвойваліся.

Калі пытаннямі дзяржпадтрымкі прадпрымальніцтва будзе займацца адна структура (Нацыянальнае агенцтва развіцця), вырашаць магчымыя праблемы і вызначаць эфектыўнасць выкарыстання сродкаў стане прасцей, мяркуе старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

„Усё ж такі плануецца стварыць на ўзроўні дзяржавы немалую структуру, супастаўную па колькасці з міністэрствам, у якой будуць працаваць 60 супрацоўнікаў. І ў прынцыпе такая магутная па колькасці структура ў стане павысіць эфектыўнасць выкарыстання сродкаў, што выдзяляюцца дзяржавай на развіццё прадпрымальніцтва”, — мяркуе Калінін.

На яго думку, для краіны вельмі важна павысіць эфектыўнасць дзяржпадтрымкі прадпрымальніцтва.

„Нас турбуе тэндэнцыя адтоку моладзі ў Расію і Польшчу. Таму неабходна рэальна стымуляваць развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў краіне, каб людзі бачылі магчымасці, перспектывы, і заставаліся працаваць на роднай зямлі”, — адзначыў у каментары БелаПАН Калінін.

belapan.by