У Слоніме хочуць перайменаваць свята ў дзень расейскага пісьменства?
Да Дня беларускага пісьменства і друку Слонім рыхтуецца па-расейску. Прыкладам з’яўляецца тое, што месяц таму ў цэнтры Слоніма, па заказу райвыканкама, было намалявана графіці, прысвечанае тэатру Агінскага. І выканана гэта па-расейску.
Чыноўнікі паабяцалі ў бліжэйшы час графіці перапісаць. Але райвыканкам закідалі пісьмамі розныя расейскія і прарасейскія асобы і арганізацыі, якія напалохалі мясцовых вертыкальшчыкаў. Тая ж намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тарэса Юшкевіч выказалася так: “У апошні час у адрас Слонімскага райвыканкама паступіла некалькі зваротаў наконт захавання надпісу на рускай мове, спасылаючыся на гістарычныя факты і заканадаўства Беларусі, а таксама захаванне нацыянальна-моўнай згоды ў грамадстве. Таму райвыканкамам прынята рашэнне пакінуць без зменаў надпіс на графіці”.
Эх, убачыў бы гэта графіці па-расейску сам Міхал Казімір Агінскі – дабром гэта не скончылася б. Той самы Міхал Казімір, які ваяваў з арміяй Суворава. Тым не менш, да Дня беларускага пісьменства і друку графіці пакуль застаецца на чужой мове. Магчыма, у Слоніме хочуць перайменаваць свята ў дзень расейскага пісьменства і друку. Таму па-расейску з’явілася не толькі графіці, але і назвы вуліц, розныя новыя афішы, плакаты, банеры. З гэтай нагоды слонімцы і ўсе беларусы патрабуюць спыніць русіфікацыю свята беларускага пісьменства і друку, і свае патрабаванні дасылаюць на адрас Слонімскага райвыканкама: 231800 Слонім, вуліца Чырвонаармейская, 40.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя