„Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі”



Краязнаўца і філатэліст з Луны, што на Гарадзеншчыне, Лявон Карповіч, за свой кошт выдаў унікальную для Беларусі кнігу „Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі”.

Знакі паштовай аплаты, цытаты з Бібліі, а таксама асабістыя духоўныя перажыванні склалі аснову кнігі на 210 старонках. Кажа аўтар:

– Калі я стаў учытвацца і глядзець як біблейскія гісторыі адлюстравалі вялікія мастакі, чытаць таксама творы гэтых мастакоў, то ў мяне з’явілася такая ідэя: чаму мне свае думкі, якія ўзнікаюць у працэсе вось гэтага паралельнага вывучэння, не адлюстраваць у сваёй кнізе.

На жаль, выдаць з дапамогай краутфаўдынгавай пляцоўкі „Талака” Лявон Карповіч ня здолеў. Таму скарыстаўся замежнай паслугай. Выдаць кнігу фарматам А4 Лявону Карповічу дапамагла паліграфічная пляцоўка Rideró. Набыць кнігу „Біблейскія гісторыі” можна проста, праз розныя інтэрнэт -крамы. Дастаткова набраць у пашукавіку крамаў імя і прозвішча аўтара.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя