У Віцебску знайшлі новае месца для копіі Сафійскага сабора
Гарадскія ўлады і Віцебская епархія праваслаўнай царквы не пакідаюць ідэі збудаваць у абласным цэнтры копіі полацкай Сафіі ўзору 11-га стагоддзя. У 2015-м годзе было абвешчана, што копію храма збудуюць у парку паміж вуліцамі Урыцкага і Чэхава. Але гараджане абурыліся тым, што дзеля будаўніцтва яшчэ адной праваслаўнай царквы – а іх у гэтым раёне Віцебску ўжо 4 – будзе знішчана частка парку. Народныя пратэсты працягваліся каля паўгода, і гарадскія ўлады былі вымушаны адступіць. Да таго ж высветлілася, што епархія праваслаўнай царквы не мае грошай на будаўніцтва. Да таго ж ініцыятары будаўніцтва пайшлі на падман: прыхавалі ад чыноўнікаў сапраўдныя памеры будучага храма, які хацелі ўзводзіць у гістарычнай зоне.
Цяпер разглядаецца варыянт будаўніцтва ў іншым месцы, паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін падчас сустрэчы з кіраўнікамі прадпрыемстваў і грамадскасцю гораду. У прыватнасці, пад будаўніцтва прапануюць пляцоўку на беразе Дзвіны непадалёк ад гандлёвага цэнтру “Беларусь”.
Канчатковае рашэнне будзе прынята пасля таго, як праект пройдзе экалагічную экспертызу і стадыю грамадскага абмеркавання. Але ў гараджан ніхто не пытаецца, ці падтрымліваюць яны ўвогуле ідэю ўзвесці копію гістарычнага будынка, які калісьці стаяў у Полацку. Па сутнасці, гаворка ідзе пра абсалютна новы храм, бо паўтарыць пабудову тысячагадовай даўніны ў сучасных умовах немагчыма.
Ідэя збудаваць Сафійскі храм у Віцебску належыць архіепіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, але шмат хто з віцяблян перакананы, што яшчэ адна праваслаўная царква ў горадзе абсалютна не патрэбная, і што царкоўныя іерархі маглі б выкарыстаць сродкі на больш важныя справы – на будаўніцтва шпіталяў, паліклінік або школ, якіх насамрэч бракуе ў Віцебску.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск