У Менску ўшануюць памяць Рут Уолер



На Вайсковых могілках у Менску, у нядзелю 4 жніўня, грамадскасць ушануе памяць Рут Уолер, амерыканскай актывісткі, супрацоўніцы гуманітарнай місіі ЮНРРА Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, якая пахаваная на гэтых могілках. Акцыя ўшанавання пачнецца ў 17 гадзін.

Па словах сустаршыні Руху саліданасці „Разам” Алены Талстой, гэтае ўшанаванне адбываецца ўжо не першы год. Яго ініцыятарам амаль 10 год таму стаў сябра руху Сяргей Ханжанкоў.

– Гэта наша ўдзячнасць супрацоўніцы гуманітарнай місіі ААН, якая ў Беларусь пасля ІІ Сусветнай вайны пастаўляла лекі, прадукты харчавання. Рут Уолер зусім маладая, прыгожая жанчына, якая прыехала з Амерыкі, каб дапамагаць беларускім дзеткам. І яна аказала не толькі гуманітарную дапамогу, але ў 1946 годзе яна выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі. І сама пасля гэтага захварэла і памерла.

Гэта здарылася 4 жніўня 1946 года. І ў гэты дзень актывісты беларускіх дэмакратычных арганізацыяў прыходзяць на Вайсковыя магілкі, каб ушанаваць памяць Рут Уолер і аддаць даніну павагі тым супрацоўнікам ААН, якія ў складаныя пасляваенныя часы прыехалі ў Беларусь, каб дапамагчы яе жыхарам. Пра гэтыя факты пазней, у часы халоднай вайны, камуністычныя ўлады стараліся не нагадваць, – кажа Алена Талстая.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск