Дзятлаўскаму краязнаўцу Фёдару Красюку– 70
У нядзелю, 4 жніўня, краязнавец з Дзятлава Фёдар Красюк адзначае свой юбілей – 70 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся краязнавец у Дзятлаве. Закончыў факультэт гісторыі і замежнай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Вярнуўся ў родны горад. Працаваў настаўнікам, інструктарам-метадыстам, а з 1985 да 2009 гады быў дырэктрам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Цяпер Фёдар Красюк на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму даследуе родны край і, як кажуць, заўсёды ў дарозе.
Дзятлаўскі краязнавец напісаў і апублікаваў шэраг артыкулаў пра сваю маленькую радзіму, найперш ён даследуе сацыяльна-эканамічнае развіццё Дзятлаўшчыны, гісторыю населеных пунктаў раёна. Пра Дзятлаўшчыну Фёдар Красюк напісаў цікавую кнігу “Зецела, або Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”(мела два выданні ў 2013 і 2015 гадах). Ён прымаў актыўны удзел у падрыхтоўцы і выданні кніг “Памяць. Дзятлаўскі раён” (1997) і “На зямлі дзятлаўскай” (1998)…
Краязнаўцы і літаратары Гарадзеншчыны шчыра віншуюць Фёдара Фёдаравіча з юбілеем і жадаюць яму моцнага здароўя і творчых адкрыццяў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава