Для адмены санкцый патрэбны прагрэс у сітуацыі з правамі чалавека



Рашэнне аб канчатковай адмене санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі павінна прымацца аднагалосна ўсімі краінамі — членамі ЕС, заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне.

У лютым 2019 года ЕЗ у чарговы раз працягнуў на год абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі — у прыватнасці, эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, а таксама візавыя санкцыі супраць былых сілавікоў Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі, якіх Брусель лічыць датычнымі да нераскрытых знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах.

„Актуальным дакументам у гэтых адносінах застаюцца заключэнні Савета ЕЗ ад 2016 года. У гэтым дакуменце адзначаецца, што мы чакаем канкрэтных крокаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя”, — падкрэсліла Віктарын.

Паводле яе слоў, сёлета ў ЕЗ „не ўбачылі нейкіх зменаў у Беларусі, якія зрабілі б магчымым прыняцце гэтага рашэння”.

Сярод праблемных пытанняў, якія застаюцца нявырашанымі, дыпламат назвала працяг прымянення смяротнага пакарання. „Тут у нас з Беларуссю розныя пункты гледжання — мы перакананыя, што смяротнае пакаранне не стрымлівае злачыннасць, гэта не рашэнне. Ужыванне вышэйшай меры пакарання не адпавядае нашаму разуменню асноўных правоў чалавека”, — перакананая Віктарын.

Пры гэтым яна зазначыла, што цяперашняе заканадаўства Беларусі адрозніваецца ад таго, што было раней (падчас правядзення рэферэндуму ў 1996 годзе. — БелаПАН.). „Цяпер у ім ёсць такая мера пакарання, як пажыццёвае зняволенне. Мы працягваем прасоўваць ідэю пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, ініцыюем дыскусіі на гэтую тэму. Я перакананая, што такое рашэнне — пытанне не столькі грамадскай думкі, колькі палітычнай волі. Калі вы паглядзіце на вопыт многіх еўрапейскіх краін, то ўбачыце, што там адмена смяротнага пакарання была рашэннем, прынятым на палітычным узроўні”.

Гаворачы пра сітуацыю з правамі чалавека, Віктарын падкрэсліла, што ЕЗ лічыць важным захаванне не толькі палітычных, але і грамадзянскіх правоў. „Гэта няпраўда, што мы не ўлічваем сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы чалавека — мы надаём вялікае значэнне захаванню правоў чалавека ва ўсіх сферах і галінах. Па гэтай тэме мы вядзем дыскусію з беларускім урадам. Мы не спрабуем выступаць у ролі лектара, які павучае. У нашых краінах вядуцца такія ж дыскусіі аб тым, як палепшыць сітуацыю з выкананнем правоў чалавека. Бо заўсёды можна нешта палепшыць”, — сказала дыпламат.

„Я ўпэўненая, што палітычныя і эканамічныя правы павінны ісці рука аб руку, таму што калі ў вас ёсць пэўныя цяжкасці з выкананнем палітычных правоў грамадзян, то гэта можа паўплываць і на іх сацыяльныя, эканамічныя і нават культурныя правы. І мы працягнем уздымаць гэтыя пытанні, але, натуральна, рашэнне заўсёды за беларускім урадам”, — падкрэсліла Віктарын.

Паводле яе слоў, пры прыняцці рашэння аб санкцыях адыграюць ролю і наступныя выбары (парламенцкія — у 2019 годзе і прэзідэнцкія — у 2020-м). „Я перакананая, што ЕЗ і яго дзяржавы-члены будуць уважліва сачыць за выбарамі — ці будуць гэтыя выбары свабоднымі, сумленнымі, празрыстымі, ці будуць у кандыдатаў ад апазіцыі роўныя магчымасці для ўдзелу ў іх. Ёсць вельмі шмат пытанняў, якія могуць адыграць сваю ролю. Паглядзім, што прынясе будучыня”, — сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ.

БелаПАН