Паблік “Тыповы гарадзенец” чытае амаль кожны дзясяты жыхар Гародні



Адзін з самых вядомых паблікаў у сацыяльнай сетцы “Укантакце”, які чыталі гарадзенцы, – гэта паблік “Тыповы гарадзенец”. Яго наведвала амаль 30 тысяч жыхароў у дзень.

Адзін з былых адміністратараў гэтага пабліка, малады гісторык Ян Гардзееў упэўнены, што жыхароў горада над Нёманам цікавяць не толькі смайлы і прыгожыя здымкі.

– Суполка стваралася як чыста гарадскі паблік, калі гэта пачыналася ў 2013 годзе. Я выпадкава туды трапіў. Я пісаў каментары на гістарычныя тэмы. І заснавальнік вырашаў, а чаму б мне не пісаць матэрыялы на гістарычныя тэмы, ці ўвогуле пра культуру. І затым выйшла так, што прыйшлося займацца іншымі тэмамі. Вядома, заўсёды найбольш папулярны кантэнт – гэта нейтральныя, эстэтычна прыгожыя фотаздымкі.

На думку Яна Гардзеева, гістарычная частка пабліка таксама цікавая чытачам.

– Перш за ўсё найбольш папулярныя тэмы гарадзенскія, якія тычацца розных гарадзенскіх постацяў, ці проста нейкіх падзеяў. І не важна, ці гэта 13-ае стагоддзе, ці 14-ае, ці 20-ае. На жаль, тэма пра тое, што знішчалася, знішчаецца і хіба будзе далей знішчацца гістарычная забудова Гародні, гэта мала каго цікавіць. Зусім невялікі адсотак людзей зацікаўлены захаваннем гістарычнай спадчыны ў нашым горадзе.

Ян Гардзееў упэўнены, што сярод іншых гарадскіх суполак “Тыповы гарадзенец” вылучаўся сваёй спецыфікай і нестандартнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя