На аграпрадпрыемстве „Бярозаўскае” кіроўцы працуюць на знос



Кіроўцы аграпрадпрыемства «Бярозаўскае» па перавозцы людзей Вячаслаў Білібуха і Уладзімір Ануфрэйчык працуюць па 18 і 13 гадзін без выходных. Такая праца пры пастаянным недасыпанні падрывае здароўе. Нервы напружаны таксама ад перагрузу іх «буса», разлічанага на 6 чалавек, калі перавозіцца ад 12 да 14.

Нядаўняя раптоўная смерць на працоўным месцы іх калегі Мікалая Кужыка паказала, чым можа закончыцца такая звышнапружаная праца, кажуць мужчыны:

– У 19.00 мы прыязджаем і развозім, хто на Першамайск, хто на Падкраічы. Потым прыязджалі на жніво і развозілі а 22.30. Самі мы ў хату з’яўляемся а 23.00- 23.30, і а 3.30 выезд назад.

Паводле кіроўцаў, толькі пры такой напружанай працы яны атрымліваюць больш-менш цярпімы заробак:

– Калі 320 гадзін набярэш, атрымаеш заробак 750 беларускіх рублёў. – Калі ў мяне зараз будзе 470 гадзін, то заробак будзе 1100, але ж гэта за трох чалавек атрымліваеш. Калі рабіць 170 гадзін, як належыць, то заробак мінімальны – 350 беларускіх рублёў.

Нізкія расцэнкі іх працы, нежаданне зрабіць ім працу па зменах, непавага кіраўніцтва не спрыяе здароўю і працоўнаму настрою. А стомленасць робіць перавозку людзей небяспечнай. Але кіраўніцтва прадпрыемства гэта абсалютна не турбуе. Чаго не скажаш пра іх адносіны да работнікаў з Украіны. Падсобныя рабочыя на будоўлі за вырабленую норму атрымліваюць каля 2 тысяч рублёў, сваім жа налічваюць у два з паловай разы менш.

 

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя