Генадзь Фядыніч: Прафсаюз РЭП не будзе ўдзельнічаць у гэтых выбарах
Як лічыць адзін з лідараў Прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, выбары ў Палату прадстаўнікоў, абвешчаныя на 17 лістапада, адбудуцца па ранейшай схеме.
Выбарчы кодэкс, на зменах якога найстойвалі прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку і прафсаюз РЭП, не зменены. А гэта значыць, што выбараў фактычна не будзе. І Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці не будзе ўдзельнічаць у гэтых выбарах.
– Мы не будзем прымаць рашэнне пра ўдзел сябраў прафсаюза ў выбарах. Яны могуць удзельнічаць, з’яўляючыся сябрамі той ці іншай партыі, таго ці іншага руху. Але ж прафсаюз зараз распрацоўвае прапановы па зменах сацыяльна-эканамічных абставін у Рэспубліцы Беларусь. Яны будуць распрацаваныя і напярэдадні гэтай кампаніі будуць агучаны. Хто хоча з тых кандыдатаў, якія будуць зарэгістраваны, узяць гэта і працаваць з гэтымі дакументамі, – яны будуць у адкрытым доступе.
Па словах Генадзя Фядыніча, прапановы будуць тычыцца самых вострых праблемаў у эканамічнай і сацыяльнай сферах Беларусі і прысвечаны шляхам іх вырашэння, таму будуць карысныя кандыдатам у дэпутаты і выбаршчыкам.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск