Сяргей Румас: Спадзяюся, пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму падпішам
Урад Беларусі разлічвае на падпісанне з Еўрапейскім звязам пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму восенню гэтага года. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба Савета міністраў, заявіў прэм`ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын 6 жніўня ў Менску. Сустрэча адбылася з нагоды завяршэння Віктарын дыпламатычнай місіі ў краіне.
„Думаю, з нашага боку да восені мы скончым усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры для ўзгаднення дакумента, — сказаў Румас. — Вельмі спадзяюся, што ўвосень пагадненне будзе падпісанае. Прынамсі, беларускі бок будзе рабіць усё для таго, каб гэта падзея адбылася”.
Раней у інтэрв`ю БелаПАН Андрэа Віктарын таксама паведаміла, што пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Еўразвяз і Беларусь плануюць падпісаць восенню. „Тут важна сказаць, што мы завяршылі ўсе перамовы па тэксце пагаднення ў чэрвені. Цяпер дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення ў Беларусі і ў ЕС, — сказала яна. — Сёння раніцай (29 ліпеня. — БелаПАН.) на сустрэчы з міністрам [замежных спраў Уладзімірам] Макеем мы казалі пра тое, што падпішам пагадненне восенню. Дакладная дата яшчэ не вызначана, але павінна ж я пакінуць нейкую працу для свайго пераемніка. Я цвёрда ўпэўненая, што гэты дакумент мы падпішам”.
Дыпламат не выключыла, што ў сувязі з падпісаннем пагадненняў у Менск прыедзе прадстаўнік Еўрапейскага звяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні.
На сённяшняй сустрэчы Румас падзякаваў Віктарын за асабісты ўклад у развіццё „добрых адносін” паміж Мінскам і Бруселем. „Апошнія чатыры гады мы назіраем прыкметны прагрэс у нашых адносінах, пра гэта кажуць і лічбы тавараабароту, які расце, — сказаў Румас. — Яшчэ адным доказам таго, што адносіны пачынаюць выходзіць на новы ўзровень, з`яўляецца рост колькасці візітаў еўракамісараў у Беларусь — еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Ёханеса Хана, еўракамісара па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэра Отынгера, мы чакаем спадарыню Магерыні”.
Сярод прыярытэтаў узаемадзеяння з ЕЗ Румас назваў завяршэнне перамоў па ўступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і развіццё крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі. Беларусь плануе да міністэрскай сустрэчы СГА ў чэрвені 2020 года ў Казахстане завяршыць усе перамовы па ўступленні ў арганізацыю. Паводле слоў прэм`ер-міністра, усё ідзе па графіку, паведамляе прэс-служба Саўміна.
Як заявіў Румас, Беларусі ўдалося выбудаваць канструктыўныя адносіны з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. „Умовы, на якіх ЕІБ выдзяляе рэсурсы Беларусі, проста беспрэцэдэнтныя, — падкрэсліў ён. — Гэта дазволіць нам ужо сёння развіваць сваю інфраструктуру, а разлічвацца за гэта роўнымі долямі на працягу доўгага перыяду”. Еўрасаюз таксама садзейнічаў пераходу Беларусі ў шостую групу рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.
Румас пацвердзіў гатоўнасць урада і ў далейшым развіваць адносіны з Еўразвязам, супрацоўнічаць з новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.
„Вельмі важна, што мы разумеем сёння адзін аднаго лепш, чым чатыры гады таму. Спадзяюся, што прасунемся з вашым пераемнікам па шляху поўнага зняцця санкцый. Я думаю, гэта ў агульных інтарэсах”, — сказаў кіраўнік урада.
Андрэа Віктарын адзначыла, што дасягнуты прагрэс у адносінах Беларусі і Еўразвяза сапраўды можна назваць значным. „Я перакананая, што, пакуль мы будзем чуць адзін аднаго, мы можам знаходзіць рашэнне любых праблем”, — сказала яна.
Віктарын таксама звярнула ўвагу на тое, што візіты самага высокага ўзроўню ў Беларусь пачашчаюцца, краіна актыўная ва Усходнім партнёрстве і Брусель вельмі гэта цэніць. Асобна яна адзначыла намаганні Беларусі па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне: „Беларусь займае вельмі канструктыўную пазіцыю ў дачыненні да крызісу ва Украіне і адыгрывае канструктыўную ролю ў яго ўрэгуляванні, і гэтую ролю прызнае ўся Еўрапейская камісія. Гэта садзейнічае ўсталяванню і ўмацаванню міру”.
belapan.by