Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі рэкорднага ўзроўню



Золатавалютныя рэзервы дасягнулі максімальнага значэння за ўсю гісторыю краіны і склалі па стане на 1 жніўня 8,6 млрд даляраў, паведамляе Нацыянальны банк.

„За ліпень 2019 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 337,1 млн даляраў ЗША (на 4,1%) пасля росту ў чэрвені 2019 года на 200,8 млн даляраў ЗША (на 2,5%)”, — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага банка.

Паводле дадзеных рэгулятара, у ліпені 2019 года ўрадам і Нацыянальным банкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 500 млн даляраў.

У той жа час, адзначае Нацбанк, павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у ліпені спрыялі некалькі фактараў — купля замежнай валюты Нацбанкам на ўнутраным рынку, паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

За студзень—ліпень золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 1.470,3 млн даляраў (на 20,5%) да 8 млрд 627,9 млн даляраў на 1 жніўня. Гэта максімальнае значэнне з ліпеня 2012 года. Тады рэзервы пасля паступлення сродкаў ад прыватызацыі „Белтрансгаза” складалі 8,3 млрд даляраў.

Імкненне ўлад у 2012—2014 гадах утрымліваць валютны курс за кошт рэзерваў, адзначаюць эксперты, прывяло да таго, што да пачатку 2015 года ЗВР знізіліся да 5 млрд даляраў. Пачынаючы з 2016 года Нацбанк імкнецца паступова павялічваць рэзервы. Нагадаем, афіцыйная мэта на 2019 год, якую паставіў Нацбанк, — забяспечыць золатавалютныя рэзервы да канца года на ўзроўні не меншым за 7,1 млрд даляраў.

Асноўны фактар, які націскае на золатавалютныя рэзервы Беларусі, — значныя плацяжы па знешнім і ўнутраным дзярждоўгу. За студзень—ліпень урад у асобе Мінфіна і Нацбанк накіравалі на пагашэнне знешніх і ўнутраных аблігацый 2,5 млрд даляраў.

У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца — гэта вынікае з прэзентацыі Мінфіна ў ліпені гэтага года расейскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. У ёй гаворыцца, што ў 2019 годзе Мінфін павінен накіраваць на выплаты па валютным дзярждоўгу 3,2 млрд даляраў, у 2020-м — 3,5 млрд даляраў, у 2021-м — 3,3 млрд даляраў, у 2022-м — 3,4 млрд даляраў, у 2023-м — 3,8 млрд даляраў, у 2024 годзе — 2,7 млрд даляраў.

БелаПАН