ДАІ праводзіць акцыю „Дзяржтэхагляд”



З 7 па 17 жніўня ў Беларусі праводзіцца прафілактычнае мерапрыемства „Дзяржтэхагляд”.

Як паведамляе прэс-служба МУС, супрацоўнікі ДАІ праводзяць праверкі аўтамабіляў на наяўнасць допуску да ўдзелу ў дарожным руху. Галоўная мэта мерапрыемства, адзначаюць у ведамстве, — прыцягнуць увагу аўтаўладальнікаў да падтрымання свайго транспарту ў тэхнічна спраўным стане.

Паводле звестак МУС, сёлета супрацоўнікі ДАІ выявілі больш як 195 тысяч фактаў удзелу ў дарожным руху без пройдзенага тэхагляду. Паўторна на працягу года за такое парушэнне затрымана больш за 75 тысяч кіроўцаў.

За мінулы год у Беларусі на 13% вырасла колькасць ДТЗ з-за тэхнічных непаладак аўтамабіляў. Колькасць загінулых у такіх аварыях вырасла амаль на 67%, параненых — на 74%. Сёлета адбылося восем ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінулі і 27 атрымалі раненні.

Так, у сталіцы жыхар Менскага раёна на аўтамабілі „ЗіЛ” наехаў на школьніцу і жанчыну, якія пераходзілі праезную частку на зялёнае святло. Дзяўчынка загінула на месцы аварыі, якая адбылася па прычыне няспраўнай тармазной сістэмы.

У Магілёўскай вобласці мужчына, не маючы права кіравання, сеў за руль няспраўнага „Рэно-Мегана”. У машыны быў заглушаны металічны трубаправод да тармазнога механізму задняга правага кола. Паблізу вёскі Філатава вадзіцель не справіўся з кіраваннем і наехаў на мясцовую жыхарку, 1939 года нараджэння, якая ад атрыманых траўмаў памерла на месцы ДТЗ.

Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, нагадвае МУС, за кіраванне транспартным сродкам без дазволу на допуск яго да ўдзелу ў дарожным руху прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь. У выпадку паўторнага здзяйснення на працягу года такога ж парушэння накладаецца штраф ад двух да пяці базавых велічынь.

БелаПАН