Тыдзень без БТ
Кожны тыдзень я углядаюся у тэлевізійны экран. Я шукаю там Беларусь, у якой хочацца жыць. А на гэтым тыдні вырашыла не углядацца. Бо, ведаеце, гэты псіхалагічны эксперымент доўжыцца ужо некалькі месяцаў. І я баюся за сябе: а раптам БТ мяне ужо запраграмавала, а я не заўважыла? Як гэта праверыць? Можна адмовіцца ад прагляду і паназіраць за сабою. Калі БТ сапраўды стварае вобраз прывабнай краіны, я буду па ім сумаваць, і рука пацягнецца да пульту. А калі не – значыць, усё добра, значыць, не праграмуе і на наступным тыдні можна углядацца далей.
Таму сёння: тыдзень без БТ, уражанні.
Першы дзень прайшоў спакойна. Толькі увечары я адчула, што кагосьці не хапае. Як быццам бы нехта з сям’і павінен быў вярнуцца з працы дахаты, а яго няма і няма. Паглядзела: усе есць. І толькі калі я засынала, зразумела – раптоўна з майго жыцця знік Аляксандр Лукашенка. Падаецца, першы дзень за тры месяцы, калі я яго не бачыла. Бо у інтэрнэце – гэта іншае. Пра яго там пішуць, есць фотаздымкі, але ён не вячэрае з табою разам. Ён больш не вячэрае, зразумела я і уздыхнула з палёгкай. Канешне, ён кажа шмат смешнага, але усё адно пачуцце было, быццам далёкі сваяк, які доўга гасцяваў, нарэшце з’ехаў. І мая хата цяпер зусім мая.
У сярэдзіне тыдня я раптам адчула трывогу. Падалося, што зямля сыходзіць з-пад ног. Сціплы шосты паверх стаў амаль пужаць, галава – часцей круціцца. «Вось яны, вынікі праграмавання!» – падумала я. Але праз некаторы час зразумела: я ж кожны дзень чула навіны пра сельскагаспадарчыя праблемы і перамогі, мне паведамлялі пра новыя будоўлі, мне гэтую зямлю проста прыносілі у хату, на шосты паверх. А я ж сама такія навіны у сеціве не шукаю. Вось і падаецца, што зямля сыходзіць. Трэба яе знайсці самой. Выйшла на вуліцу, прапалола кветнік і ўсесімптомы як рукой зняло.
Наступныя некалькі дзён усё было так добра, што я забылася на эксперыменты. Інфармацыя праглядала праз RSS. Там усё — і радыё, і тэлебачанне, і газеты. Але самае галоўнае – яе можна настройваць самастойна. Хочаш больш спорту – калі ласка. А надакучыў – адключы яго. Гэта такі канструктар «зрабі сам». Можна канструяваць свой сусвет. Ён можа быць маленькім, паведамляць толькі пра мясцовыя навіны, а можна адчыніць яго сабе да самых зор, калі падпісацца на астранамічны часопіс. Ён адгукаецца на мае інтарэсы (калі папрасіць і націснуць некалькі кнопак), ён выбудаваны у маім стылі. І вобраз Беларусі, дарэчы, можна ствараць з яго дапамогай. Прычым унікальны. Цалкам экслюзіўна сваю краіну сабраць у RSS стужцы. Я і сабрала. І жыла сабе спакойна.
Але тыдзень скончыўся. І заўтра я зноў уключу БТ. Ізноў атрымаю у дадатак да свайго яшчэ агульнанацыянальны вобраз краіны, стандартызаваны, пазначаны ДАСТам, атрымаю зводкі з палёў і прэзідэнта, які завітвае на вячэру. Усё вернецца. Але нічога, бо я ведаю, што маю падсвядомасць БТ не паспела запраграмаваць.