Забава на Ганну ў Каралёвым Мосце



Забава на Ганну ў Каралёвым мосце сабрала прыхільнікаў беларускай песні і даўнейшых вясковых святаў. На невялічкай сцэне выступілі калектывы гміны Гарадок і госці.

Найбольшая колькасць песень выконвалася як даўней, пад гармонік. Калісьці забавы былі неад’емнай часткай жыцця вёскі, кажа гарманіст з Гарадка Вінцук Федзюкевіч:

– Моладзь з суседніх вёсак прыходзіла, эх разносілася, бо гэта недалёкія вёскі былі. Гады праляцелі, усё пазнікала, з’явілася тэлебачанне, сучаснасць, а вясковыя забавы зніклі. Мы вярнуліся да старых традыцый, аднаўляем гэта. Я задаволены, што людзі гуляюць пад нашу музыку, пакуль мы яшчэ дажываем. Можа ад нас гэта хтосьці прыме. 

Забавы – вясковыя святы, якіх не хапала людзям старэйшага веку. А аказалася, што яны да спадобы ўсім. Кажа войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша:

– З’явілася ідэя зарганізаваць такія забавы на вёсках, дзе калісьці ў 70-80-х гадах яны бывалі. З’явілася магчымасць атрымаць грошы з Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Мы арганізавалі ў трох ці чатырох вёсках спачатку, нам падалося, што людзі хочуць слухаць музыку. Яны менш танчаць, як калісьці, калі адбываліся забавы. Будзем арганізоўваць пакуль такая зацікаўленасць будзе.

Кіраўніцтва гміны Гарадок дбае пра тое, каб забавы праводзіліся ў розных вёсках. Сёлета свята прайшло ў Валілах і Каралёвым Мосце, а наступнае адбудзецца ў Зубрах.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя