У Беларусі з трывогай назіраюць за падзеямі ў Кыргызстане



У Беларусі сочаць за развіццём сітуацыі ў Кыргызстане, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі беларускага МЗС Андрэй Шупляк.

„У Беларусі з трывогай назіраюць за становішчам у Кыргызстане, дзе сілавая аперацыя ў дачыненні да былога прэзідэнта Атамбаева прывяла да гібелі супрацоўніка праваахоўных органаў, траўмаў і раненняў грамадзян”, — гаворыцца ў яго каментары.

„Спадзяемся, што гэтыя трагічныя падзеі не прывядуць да дэстабілізацыі становішча ў краіне і раз’яднання кыргызскага грамадства, — адзначыў прадстаўнік МЗС. — Разлічваем на тое, што кіраўніцтву Кыргызстана ўдасца забяспечыць вяршэнства закона, стабільнасць у дзяржаве і пазбегнуць далейшай эскалацыі сітуацыі, якая можа прывесці да чалавечых ахвяр”.

Увечары 7 жніўня спецслужбы краіны пачалі аперацыю па затрыманні экс-прэзідэнта краіны Алмазбека Атамбаева. Падчас штурму яго рэзідэнцыі і сутыкненняў прыхільнікаў экс-прэзідэнта з сілавікамі адзін баец спецназа быў забіты, 48 чалавек атрымалі траўмы і раненні. Затрымаць Атамбаева не ўдалося.

Экс-прэзідэнта спрабавалі затрымаць паводле пастановы Генпракуратуры аб прымусовым прыводзе Атамбаева, які не з’яўляўся на допыт у рамках расследавання яго магчымай датычнасці да вызвалення крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева. У сувязі з падзеямі 8 жніўня прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў правёў пасяджэнне Савета бяспекі.

Нагадаем, пасля сустрэчы 6 жніўня ў Мінску Аляксандра Лукашэнкі са збеглым прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым у МЗС Кыргызстана быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі ў Кыргызскай Рэспубліцы Сяргей Іваноў. Як паведаміў МЗС Кыргызстана, беларускаму дыпламату ўручана нота, у якой выказаны пратэст у сувязі з „працягам афіцыйных публічных кантактаў з асуджанай у Кыргызскай Рэспубліцы асобай”.

„Кыргызскі бок лічыць катэгарычна не дапушчальным выкарыстанне ў ходзе гэтай сустрэчы дзяржаўнай сімволікі Кыргызскай Рэспублікі і любую згадку кыргызска-беларускай дружбы, што ў корані не адпавядае прынцыпам дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі”, — заявіла МЗС Кыргызстана.

„Кыргызскі бок настойліва заклікае афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь змяніць свой падыход да гэтай сітуацыі і засяродзіцца на пазітыўным парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў заяве.

БелаПАН

Фота: ctv.by