Чаканне нечаканасці
Колькі існуе чалавецтва, заўсёды людзі прагнулі зазірнуць у будучыню. На гэтым рабілі і робяць свой немалы бізнес легіёны гадалак, экстрасенсаў ды прарокаў рознага маштабу. Аднак выпадкі, калі прадказаць будучыя падзеі камусь удаецца, надзвычай рэдкія, і больш належаць да легендаў, чым да штодзённай рэчаіснасці. А будзённасць прывучае нас да таго, што нельга быць упэўненым нават у тым, што здарыцца з табой ужо сённяшнім вечарам. Што ў маім выпадку пацвердзіў сёлетні Новы год. Чаканне і сустрэча якога для ўсіх, хто застаў яшчэ савецкія часы, мела асаблівую прывабнасць, – так бы мовіць, хімічна чыстае свята, вольнае ад усялякіх ідэалагічных ці рэлігійных прымесяў.
Вось і ў нас ужо некалькі гадоў так склалася, што пад Новы Год да нас прыязджаў адзін наш украінскі сябар з сям’ёй, і было нам добра і весела. Думалася, што так будзе і на гэты раз. А выйшла, што наш сябар спаткаў Новы год у рэанімацыі пасля інфаркту, які здарыўся з ім у ноч з 30 на 31 студзеня, – хоць да гэтага ён, што называецца, не ведаў нават, у якім баку сэрца. Я ж, у сваю чаргу, правёў гэта доўгачаканае свята ў ложку з тэрмометрам пад пахай…
Ну і дзе ж тут пасля такога ўступлення будзеш нешта прагназаваць на 2015 год?
І ўсё ж, калі нават няма адвагі, ці, хутчэй, нахабства, прадказваць падзеі, нельга прынамсі не задумвацца аб тым, што можа нам прынесці наступны год. Што было, тое й будзе, і няма нічога новага пад сонцам, – так вучыць Эклезіяст. Вось і нядаўняя парыжская трагедыя не была чымсь новым, толькі яшчэ ярчэй высветліла існуючы і будучы галоўны канфлікт нашых часоў – інтэлектуальнай свабоды і духоўнага рабства, сучаснай цыілізацыі і сярэднявечнага цемрашальства. Барак Абама нядаўна акрэсліў тры
галоўныя небяспекі, якія пагражаюць сучаснаму свету, – ісламскі фанатызм, расейскі рэваншызм і эпідэмія віруса Эбола (не памятаю, ці ў такім парадку). Але эпідэміі рана ці позна гаснуць самі па сабе, сабраўшы сваё смяртэльнае жніво, – так было з чумой, халерай, тыфам. Такія ж навалы, як фашызм, ці камунізм, мусяць быць спынены толькі мацнейшай сілай, ніякія ўгаворы і загаворы тут не дапамогуць.
Гэтая няхітрая ісціна ўсё яшчэ толькі прабівае сабе дарогу ў свядомасці Захаду, які сутыкнуўся і з ісламскім, і з расейскім тэрарызмам.
Усе аналітыкі прытрымліваюцца думкі, што Пуцін і ў будучыні не адмовіцца ад тзв. „гібрыднай” вайны з Украінай. Тым больш, і ён сам, і прыдворныя ідэолагі пазіцыянуюць яе ні больш ні меньш як глабальны канфлікт з гнілым і бездухоўным Захадам. Бо ісціна толькі адна, і валодае ёю, як нядаўна заявіў протаіярэй Усевалад Чаплін, толькі і выключна РПЦ МП. І ў гэтай вайне абодва монстры, расейскі і ісламскі, ужо не хаваючыся намагаюцца стварыць хаўрус у супольнай барацьбе з ненавісным Захадам
Клятва 20 000 кадыраўцаў на вернасць Пуціну з крыкамі „Алах акбар!” – яскравае пацверджанне гэтага факту. Толькі вось неяк цяжка паверыць у трывалае і шчырае сяброўства шалёнага Рамзана з тым жа айцом Чапліным!
Але сучаснасць рыхтуе і пуцінскім, і ісламскім цемрашалам непрыемны сюрпрыз.Як вядома, і расейскія галаварэзы ва Ўкраіне, і ісламскія тэрарысты ва ўсім свеце, падкормліваюцца нафтадалярамі. Менавіта нафта і газ – падстава „магутнасці” як Расеі, так і арабскіх шэйхаў. Пакуль былі адносна спакойныя часы, заходні свет мала думаў аб альтэрнатыўных, бязнафтавых тэхналогіях, тым больш, што іх развіццё паспяхова тармазіла ўплывовае нафтавае лобі. Цяпер жа так прыпякло, што вадародныя і іншыя
альтэрнатыўныя тэхналогіі рванулі ўперад сямімільнымі крокамі. Бо гэта ўжо пытанне не столькі эканамічнае, колькі пытанне выжывання заходняй цывілізацыі. І вось ужо большасць вядучых аўтамабільных канцэрнаў паставіла ў серыю вытворчасць аўтамабіляў на вадародным паліве, развіваецца ўся інфраструктура, сетка заправак. Вядома, гэта справа не аднаго года, але працэс пайшоў. Мы памятаем, як хутка распаўсюдзіўся
інтэрнэт, мабільная сувязь. У гэтай гонцы не дапамогуць ні прарок Мухамад, ні прэтэнзіі на праваслаўную ісціну.
Пагэтаму адна надзея ў служак цемры на тое, што ім удасца нейкім чынам павярнуць нашу цывілізацыю назад, у сярэднявечча, дзе ім так прывольна жылося. Марныя спадзяванні.
Але нас, вядома, больш за ўсё цікавяць падзеі ў Беларусі. Тут, на жаль, цяжка спадзявацца пераменаў, – хутчэй за ўсё нас чакае паўтарэнне таго самага, абрыдлага да моташнасці фарсу пад назваю „прэзідэнцкія выбары”. З практычна тымі самымі дзеючымі асобамі, валтузнёй вакол „адзінага” кандыдата, і чарговай „элегантнай перамогай” адзінага рэальнага. Хаця і тут ніхто не застрахаваны ад нечаканасцяў. Жыццё – рэжысёр, багаты на выдумкі.
Хацелася б, каб сюрпрызы не былі трагічнымі, і мелі добры канец. Як у выпадку з нашым сябрам, якога літоўскія лекары ўжо на трэці дзень паставілі на ногі, – будзем спадзявацца, што на доўгія гады!
.