Пра прэзідэнтаў-палітуцекачоў
З моманту атрымання незалежнасці Кыргызстан выгадна адрозніваўся ад суседніх дзяржаваў Цэнтральнай Азіі, правіцелі якіх стылем кіравання і палітычным доўгажыхарствам хутчэй нагадваюць сярэднявечных халіфаў, а не дэмакратычна абраных прэзідэнтаў. У 1990-м годзе на чале гэтай цэнтральнаазіяцкай дзяржавы стаў інтэлігентны навуковец-фізік Аскар Акаеў, які рашуча асудзіў спробу савецкага рэваншу ў 1991 годзе, выступіў супраць ГКЧП. У той момант папулярнасць адукаванага і разважлівага чалавека была настолькі вялікай, што за яго галасавала цягам некалькіх выбараў каля 70% насельніцтва. Але ён не прайшоў выпрабаванне ўладай. За перыяд свайго кіравання – з 1990-га па 2005-ы гады – Аскар Акаеў аброс карупцыйнымі сувязямі, перастаў аглядацца на народ, даючы смачныя кавалкі народнай гаспадаркі сваім сваякам і паплечнікам. Спрабуючы ў чарговы раз узурпаваць уладу напярэдадні парламенцкіх выбараў 2005 года, ён наступіў на граблі народнага супраціву. Нечакана вольналюбівыя кіргізы, асабліва гэта датычыць жыхароў паўднёвых рэгіёнаў краіны, пайшлі штурмам на ўрадавыя аб’екты. У адрозненне ад сваіх грузінскага і ўкраінскага калегаў, якія былі зрынутыя рэвалюцыянерамі у 2003 і 2004 гадах, Аскар Акаеў уцёк адразу, як толькі на вуліцах Бішкеку з’явіліся конныя джыгіты. Гэтая падзея атрымала назву “Цюльпанавая рэвалюцыя”, у якой Захад шчыра хацеў убачыць працяг ланцуга дэмакратычных і мірных рэвалюцый на постсавецкай прасторы. Таму і заплюшчваў гадамі вочы на дзейнасць пераемнікаў Акаева, якія ў сваёй працы мала чым адрозніваліся ад зрынутага правіцеля.
Наступны прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў толькі першы год працаваў на карысць аб’яднання краіны і пабудовы там паспяховай эканомікі. Паступова ягоная дзейнасць засяродзілася на ўзбагачэнні сямейнага клану, што заканамерна прывяло да другой рэвалюцыі ў 2010 годзе. Тады “гарант кыргызскай Канстытуцыі” ўцёк ад народу, прычым яму не знайшлося месца ані ў суседніх Узбекістане і Казахстане, ані ў Расеі – усе гэтыя тры краіны па розных прычынах не пажадалі бачыць на сваёй тэрыторыі ўцекача. Нечакана самалёт з Бакіевым прызямліўся ў Менску, дзе ён і жыве дагэтуль.
Пасля 2010 года ў Кыргызстане зноў прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог былы апазіцыянер Алмазбек Атамбаеў. Ён дасядзеў свой прэзідэнцкі тэрмін, добраахвотна сышоўшы з пасады. Прынамсі, такое складвалася адчуванне ад працэсу абрання новага кыргызстанскага лідара Сааронбая Жээнбекава. Насамрэч жа перыяд кіравання Алмазбека таксама быў далёка не бясхмарным. За свой прэзідэнцкі тэрмін ён таксама адзначыўся ўдзелам у карупцыйных справах, дзякуючы заступніцтву кіраўніка дзяржавы ў топ-100 найбагацейшых кіргізаў увайшлі ягоныя памочнікі і целаахоўнікі. Акрамя гэтага, ён умудрыўся перасварыцца з усімі сваімі былымі паплечнікамі па рэвалюцыйнай гвардыі (кагосьці ён засадзіў у турму, а нехта быў вымушаны з’ехаць з краіны). Ягоны пераемнік Сааронбай, насуперак чаканням Алмазбека Атамбаева, аказаўся “малаўдзячным чалавекам”, які стаў рэўнасна ставіцца да ўлады і ўвогуле спрабаваць расследаваць фінансавыя махінацыі папярэдніка. У чэрвені 2019 года былы прэзідэнт Атамбаеў быў пазбаўлены статуса недатыкальнасці рашэннем парламента. А ў жніўні да яго ў рэзідэнцыю завітаў узброены спецназ, які меўся суправадзіць былога прэзідэнта на следчыя і аператыўныя мерапрыемствы. Аднак праваахоўнікі сустрэлі ўзброены супраціў, у выніку чаго былі параненыя дзясяткі людзей, а адзін афіцэр спецназу загінуў. У цяперашні момант у Кыргызстане разразіўся палітычны крызіс, які можа прывесці ці да чарговай крывавай рэвалюцыі, ці да ўцёкаў Алмазбека Атамбаева. Балазе яму ёсць куды пераязджаць – у ліпені гэтага года ён ужо ездзіў у Маскву на кансультацыі да Уладзіміра Пуціна.
Прыклад багатага на прыродныя радовішчы Кыргызстана паказвае, як шанец на паспяховае развіццё краіны марнуецца безадказнымі элітамі, якія не вартыя свайго вольналюбівага народу.