Вялікія дасягненні маленькіх удзельнікаў калектыву “Падляшскі вянок”



55 канцэртаў за амаль 4 гады існавання – гэта сапраўды вялікае дасягненне для маленькіх удзельнікаў калектыву “Падляшскі вянок”. Дзеткі і самі пазнаюць, і шчыра дзеляцца з гледачамі прагажосцю беларускага народнага  танца, касцюма, музыкі, слова.

Аксана Прус – кіраўнік калектыву, што дзейнічае пры Аб’яднанні на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову “АББА”.

– У аб’яднанні “АББА” дадаткова да беларускай мовы ідуць такія кірункі як вакал, тэатр. І я думаю, што аб’яднанне для таго, каб узмацніць вывучэнне беларускай мовы, хацела ўжо даўно і харэаграфію ўвесці. А я прыехала ў Польшчу, шукала працы, і вось амаль выпадкова сустрэліся і дамовіліся. І супалі мае інтарэсы і інтарэсы “аб’яднання “АББА”.

РР: Вы можаце пахваліцца тым, што ўдзельнічалі ў „Падляшскай актаве культур” і яшчэ атрымалі прызавое месца на фестывалі.

– Мы самі вельмі хацелі выступіць на “Актаве культур”, мне вельмі падабаецца гэты фестываль узроўнем калектываў, якіх запрашае ВААК. Хацелася, каб людзі тут пабачылі, як выглядае беларускае мастацтва вачыма дзяцей, якія нарадзіліся на Падляшшы, якія маюць беларускія карані. Яны жывуць у Польшчы і паглынаюць і беларускую, і польскую культуры. Я хацела паказаць нас менавіта палякам. І гэта вельмі добрая сцэна для таго, каб гэта зрабіць. І я лічу, што ў нас атрымалася. 71 калектыў быў заяўлены і 26 – абрана. І нам вельмі прыемна, што нам удалося трапіць на “Актаву культур”.

І праз тыдзень пасля “Актавы” мы былі ў Браньску і там праходзіў міжнародны фестываль “Падляшскія спатканні”, і ў межах яго адбываўся 9 Агульнапольскі конкурс фальклорных калектываў. І нам удалося атрымаць другую прэмію.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Гутарыла Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/stowarzyszenie.abba