На Гарадзеншчыне рыхтуюцца да назіранняў за выбарамі



На Гарадзеншчыне пачалася падрыхтоўка да назіранняў за ходам выбарчага працэсу, які завершыцца 17-га лістапада выбарамі ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі. Найбольшая канкурэнцыя можа быць у самой Гародні, дзе будуць альтэрнатыўныя кандыдаты, але выбарчых акругаў такіх будзе не больш, як 4 ці 5.

«Пакуль няма роўных правоў удзелу сябрам партыяў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, прысутнічаць у выбарчых камісіях, ніякія пастановы ЦВК не будуць эфектыўнымі», – мяркуе Раман Юргель з кампаніі «Праваабаронцы за Свабодныя выбары»:

– Былі прынятыя пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі і, згодна з гэтымі пастановамі, з месца, вызначанага старшынёй камісіі, можна зрабіць некалькі фотаздымкаў. Пастановы як бы паляпшаюць умовы дэкларатыўна і не паўплываюць на пашырэнне даверу выбарцаў.

Змены, якія ўвяла Цэнтральная выбарчая камісія, гэта дазволы на фатаграфаванне, адмысловыя кабінкі для інвалідаў-вазочнікаў, а таксама выбарчыя ўчасткі на першых паверхах, не істотна палепшаць працэс кантролю грамадскіх ініцыятываў, якія займаюцца назіраннем, у прыватнасці сябрам кампаніі «Праваабаронцы за Свабодныя выбары».

Кажа Віктар Сазонаў, назіральнік ад праваабарончага Цэнтра «Вясна».

– У грамадства на сённяшні дзень ёсць вочы, якія ўсё бачаць. Застаецца проста, каб грамадства сваімі вачыма, убачыўшы тое, што яно ўбачыла, зрабіла адпаведныя высновы і вызначыла б свае паводзіны, як яно будзе рэагаваць на тыя ці іншыя вынікі.

Для таго, каб палітычна актывізаваць грамадства, адзіная легальная форма – гэта выбары, – мяркуюць сябры кампаніі «Праваабаронцы за Свабодныя выбары» з Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя