Расейскі міністр: Мядзведзеў і Румас практычна знялі інтэграцыйныя рознагалоссі



 Расеі і Беларусі ўдалося зняць практычна ўсе рознагалоссі па пытаннях інтэграцыі, заявіў міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Перамовы прайшлі 9 жніўня ў Кыргызстане пасля пасяджэння Еўразійскага эканамічнага савета.

Паводле слоў Арэшкіна, якія прыводзіць тэлеканал РБК, на працягу месяца прэм’ер-міністры могуць фіналізаваць дасягнутыя дамоўленасці. Якія менавіта, чыноўнік не ўдакладніў. Наперадзе вялікая праца па гарманізацыі заканадаўства, напрыклад, стварэнне адзінага падатковага кодэксу.

На пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага савета Мядзведзеў заклікаў прысутных „паскорыць працэсы інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, стымуляваць эканамічную актыўнасць, павысіць узровень жыцця грамадзян нашых краін”.

Сустрэчу Румаса і Мядзведзева прэс-служба беларускага ўрада апісала ў двух сказах: „На палях пасяджэння міжпраўсавета таксама адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса і старшыні ўрада Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў”. Прэс-служба ўрада РФ абмежавалася фатаграфіяй.

18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

belapan.by