Валеры Карбалевіч: Больш давяраю заявам самога Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка не будзе прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, затое намераны падтрымаць кандыдатуру Уладзіміра Макея, а самі прэзідэнцкія выбары могуць прайсці ўжо ўвесну. Такая інфармацыя з’явілася на некаторых незалежных беларускіх сайтах. Палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч ставіцца да гэтых “сенсацый” скептычна:
– Давяраю заяве Аляксандра Лукашэнкі, калі ён сказаў, што калі ўвесь свет будзе супраць таго, каб Лукашэнка быў прэзідэнтам, то Лукашэнка ўсё роўна стане прэзідэнтам, калі гэтага захоча. Няма ніякіх сумненняў, што Лукашэнка будзе балатавацца. А адкуль гэтыя чуткі? Магчыма гэта спроба нейкага ціску на Лукашэнку з Масквы. Калі Лукашэнка будзе балатавацца, то, зразумела, ніякі Макей балатавацца не будзе.
Аглядальнік адзначае таксама, што найбольш аптымальны тэрмін прэзідэнцкіх выбараў прыпадае на восень:
– Не бачу асаблівай прычыны, чаму трэба вясной. Толькі што прайшла балючая дэвальвацыя, балючая для насельніцтва. Рэха яе вясной яшчэ будзе чутнае. Таму лагічна проста пачакаць, пакуль людзі трохі забудуць.
Выбары прэзідэнта Беларусі павінны прайсці не пазней за 20 лістапада гэтага году. Паводле беларускага заканадаўства, выбары павінны быць абвешчаны не пазней, чым за тры месяцы да іх правядзення.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя