А1 першай вывела на рынак электронныя сім-карты



 Тэлекамунікацыйная кампанія А1 (былая кампанія velcom) першай вывела на рынак электронныя сім-карты, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску 12 жніўня намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па спажывецкім сегменце Ірына Савіна.

Паводле яе слоў, лічбавая віртуальная eSIM-карта (ад англійскага embedded — „убудаваная”, „якая ўбудоўваецца”) уяўляе сабой невялікі чып, убудаваны ў мацярынскую плату прылады, які аддалена праграмуецца аператарам сувязі. Тэхналогія адпавядае стандартам бяспекі міжнароднай асацыяцыі GSMA і падтрымліваецца шэрагам сучасных смартфонаў, планшэтаў, ноўтбукаў, некаторымі разумнымі гадзіннікамі, трэкерамі, а таксама прыладамі са свету інтэрнэту рэчаў.

Як патлумачыла спецыяліст, „у адрозненне ад фізічных SIM-карт, колькасць якіх абмежаваная колькасцю слотаў у смартфоне і не перавышае двух, карыстальнікі eSIM могуць усталяваць на адзін гаджэт да пяці розных eSIM і пераключацца паміж імі па меры неабходнасці”.

„Мы першымі ў Беларусі ўкараняем eSIM і робім гэта, у першую чаргу, для зручнасці нашых абанентаў, якія карыстаюцца сучаснымі гаджэтамі і лічаць за лепшае самастойна кіраваць сваімі прыладамі анлайн. Пры гэтым мы лічым, што ў будучыні не смартфоны стануць драйверам гэтай тэхналогіі, а інтэрнэт рэчаў. Адна справа фізічна ўстаўляць SIM-карты ў дзясяткі, сотні і нават тысячы розных датчыкаў, лічыльнікаў і іншых датаперадавальных прылад, і зусім іншае — аддалена запраграмаваць іх і кіраваць праз адзін асабісты рахунак”, — адзначыла Савіна.

Яна нагадала, што з 12 жніўня кампанія завяршыла рэбрэндынг і зараз будзе ўсюды пазіцыянавацца як А1.

Акрамя SIM-карты сярод навінак кампаніі — смартфон „А1 Альфа”, які выпускае кампанія ZTE на замову групы кампаній А1, новае мабільнае прыкладанне „Мой А1”, восенню запускаецца сэрвіс „Разумны дом”. Акрамя таго, змяніўся адзіны нумар: замест 411 — 150 (у Беларусі) і +375296000150 (у роўмінгу).

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці зменіцца тарыфная палітыка, Савіна адказала: „Адным са складнікаў рэбрэндынгу было спрашчэнне нашага мабільнага партфеля, гэта значыць колькасць прапанаваных тарыфных планаў значна скарацілася і яны сталі зразумелыя. Ёсць базавы набор, а дадаткова кожны можа выбіраць тыя паслугі, якія ён хоча. Мы будзем працягваць такую гнуткасць. Яна не звязаная з павелічэннем коштаў. Кампанія будзе прытрымлівацца сумленных цэн на свае прадукты на рынку. Мы ніколі не гналіся да звышпрыбыткаў”.

Гаворачы пра абаненцкую базу, яна заўважыла, што за перыяд рэбрэндынгу (з красавіка бягучага года) яна вырасла і на сёння складае 4 млн 875 тыс. абанентаў.

A1 — правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Камерцыйную дзейнасць кампанія пачала 16 красавіка 1999 года, стаўшы першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад групы A1 Telekom Austria Group. Да жніўня 2019 года кампанія вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom.

A1 Telekom Austria Group — вядучы правайдар тэлекамунікацыйных паслуг і лічбавых рашэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з агульным лікам карыстальнікаў больш за 25 млн. Кампанія працуе ў сямі краінах: Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Харватыі, Славеніі, Сербіі і Паўночнай Македоніі. Агульны даход A1 Telekom Austria Group на рынку тэлекамунікацыйных паслуг і ў фінансавым сектары склаў на канец 2018 года 4,47 млрд еўра. Агульны штат усіх кампаній групы налічвае каля 19 тыс. супрацоўнікаў. A1 Telekom Austria Group з’яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем кампаніі Amеrica Mоvil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў бесправадных паслуг.

belapan.by