Газета „Ганцавіцкі час” падала ў суд на райсавет



Раённая недзяржаўная газета „Ганцавіцкі час” мае намер дамагчыся праз суд выканання закона аб СМІ мясцовай уладай, якая адмаўляецца акрэдытоўваць журналістаў, паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар Пётр Гузаеўскі.

„Мая пазіцыя такая, што суд — гэта інстанцыя, дзе павінны разглядацца спрэчкі. У гэтым выпадку парушаны правы нашых журналістаў, нашай рэдакцыі. У законе прапісана, што неабгрунтаваная адмова не дапускаецца. У нашай адмове мы не бачым абгрунтаванага адказу. А тое, што ёсць іншая газета і яна асвятляе, — гэта крыху наіўнае абгрунтаванне. У мяне ёсць важкія падставы меркаваць, што гэта з’яўляецца парушэннем закона. Я б хацеў атрымаць адказы на мае пытанні ў судзе”, — сказаў Гузаеўскі.

Газета падала заяву ў эканамічны суд Берасцейскай вобласці на Ганцавіцкі райсавет пасля адмовы ў акрэдытацыі журналістаў. Па гэтай жа прычыне газета падала скаргу ў раённую пракуратуру на раённы савет дэпутатаў і райвыканкам. Райвыканкам у абгрунтаванні адмовы ўказваў, што для асвятлення працы мясцовых уладаў дастаткова дзяржаўнай газеты „Советское Полесье”. Пракуратура перанакіравала скаргу ў вышэйшыя інстанцыі — Берасцейскі аблвыканкам і абласны савет.

Паводле слоў Гузаеўскага, у рэдакцыі няма канфлікту з мясцовымі ўладамі і ён хоча разгледзець гэта пытанне, каб дзейнае заканадаўства выконвалася. Ён адзначыў, што рэакцыі на іск пакуль не было. Пры гэтым галоўны рэдактар „Ганцавіцкага часу” не выключае негатыўных ачарняльных выказванняў у свой адрас, паколькі такое ўжо адбывалася раней. Таксама ён дапусціў міравое пагадненне.

„Я падаў іск, каб нашы журналісты мелі магчымасць атрымліваць інфармацыю з дзяржаўнага органа. Калі будзе міравое пагадненне, не пытанне”, — растлумачыў Гузаеўскі.

„Мы выходзім 18 гадоў, мы папулярныя ў нашым раёне. Я хацеў наладзіць нармальныя адносіны, каб журналісты маглі аператыўна рэагаваць. Усё дзеля дабра чытачоў”, — падкрэсліў рэдактар.

БелаПАН

Фота: www.ganc-chas.by