Планы прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў Берасці
Весці актыўную падрыхтоўку да прэзідэнцкай кампаніі – такія асноўныя планы на 2015 год маюць актывісты берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ.
Адна з галоўных мэтаў – актывізацыя палітычных і грамадскіх актывістаў шляхам назірання, збору подпісаў, удзелу ў перадвыбарчых мерапрыемствах.
Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі адзначыў, што планы рэгіянальнай структуры перакрыжоўваюцца з планамі менскіх калегаў:
– Партыя БНФ адным са сваіх прыярытэтаў лічыць вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкія выбары. І для нас не так важная персона гэтага кандыдата, як тое што ён аб’ядноўвае найбольш моцныя, найбольш боездольныя структуры дэмакратычнай супольнасці.
– У выпадку рэгіянальнай кааліцыі, няма ніякіх праблем з супрацоўніцтвам з іншымі палітычнымі партыямі, – дадаў палітык. З яго словаў, пачатак такой актыўнай супрацы магчымы пасля вызначэння асобы ў Менску, якая стане адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай супольнасці.
***
Удзел у прэзідэнцкай кампаніі, фармаванне каманды валанцёраў і назіральнікаў, абарона сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян – такія асноўныя планы прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў Берасці.
Старшыня абласной арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Леанід Майструк упэўнены, што сёлета павінны быць два прыярытэтныя напрамкі:
– Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў правядзенне абласной справаздачна-выбарчай канферэнцыі і выбары дэлегатаў на з’езд, які будзе канчаткова вырашаць пытанні – удзелу ці няўздзелу нашага кандыдата ў прэзідэнцкіх выбарах. Другая важная праблема – гэта назіранне ў межах справядлівых выбараў.
Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі лічыць, што прыярытэтам у дзейнасці павінна стаць абарона правоў – простых грамадзян Беларусі:
– Прыярытэтным будзе абарона сацыяльна–эканамічных правоў грамадзянаў у Беларусі гэат будзе звязана з крызісам, які зараз адываецца ў фінансавай галіне, і далей гэты крызіс пяройдзе на ўсе сферы жыцця беларусаў. Мы мяркуем гэта і беспрацоўе, гэта і павышэнне коштаў на тавары і паслугі і зніжэнне рэальных заробкаў.
У бліжэйшы час на Берасцейшчыне з’явіцца каманда валанцёраў, якія возьмуць удзел у прэзідэнцкай кампаніі 2015 году. Яны будуць збіраць подпісы, удзельнічаць у мерапрыемствах у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты ад дэмакратычнай супольнасці, распаўсюджваць літаратуру і гэтык далей.
Беларускае Радыё Рацыя