Затрыманне за хабар на «Беларуснафце»



Паводле падазрэння ў атрыманні хабару затрыманыя начальнікі аддзелаў даччыных прадпрыемстваў ВА „Беларуснафта” у Віцебскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях.

Як паведаміла прэс-служба Камітэта дзяржкантролю, работнікі ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Менскай вобласці і Менску затрымалі начальнікаў аддзелаў раздробнага гандлю РУП „Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт”, „Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт” і „Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” пры атрыманні хабару „за лабіяванне інтарэсаў камерцыйнай структуры”.

Устаноўлена, што службовыя асобы на працягу некалькіх гадоў сістэматычна атрымлівалі грошы за даванне камерцыйнай фірме магчымасці рэалізоўваць прадукцыю на аўтазаправачных станцыях (маторнае масла, тэхнічныя аўтамабільныя вадкасці, антыфрыз, тасол і гэтак далей), а таксама ў прыдарожных кафэ, паведамляе КДК. Сума, згодна са звесткамі следства, складала ад 400 да 1.200 рублёў штомесяц.

Пры атрыманні чарговага плацяжу службовыя асобы даччыных прадпрыемстваў ВА „Беларуснафта” былі затрыманыя на месцы злачынства, паведамляе прэс-служба КДК. У дачыненні да ўсіх траіх распачатыя справы на падставе арт. 430 КК (атрыманне хабару), яны ўзятыя пад варту.

Праводзяцца следчыя дзеянні.

belapan.by