Грамадзяне змогуць дыстанцыйна ўзяць удзел у перапісе насельніцтва



Грамадзяне змогуць дыстанцыйна ўзяць удзел у перапісе насельніцтва, дзякуючы міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі, паведаміла на прэс-канферэнцыі 13 жніўня намесніца старшыні праўлення ААТ „Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя „АРІП” Наталля Штэўніна.

Яна звярнула ўвагу, што ў міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі ўжо загружаная персанальная інфармацыя пра 7,5 млн грамадзян. У цяперашні час зарэгістраваліся ў сістэме і пачалі атрымліваць фінансавыя паслугі розных банкаў больш за 300 тыс. грамадзян, удакладніла Штэўніна.

„У першай палове кастрычніка, на працягу першых двух тыдняў, усе грамадзяне Беларусі змогуць з дапамогай рэгістрацыі ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі зайсці на партал перапісу насельніцтва і перапісаць сваю дамашнюю гаспадарку”, — паведаміла яна.

Да тых, хто не ўнёс звесткі пра членаў сваёй сем’і дыстанцыйна, прыйдуць перапісчыкі, удакладніла яна.

Як лічыць Штэўніна, узяць удзел у перапісе насельніцтва з дапамогай міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі зручна. „Персанальныя звесткі, якія захоўваюцца ў міжбанкаўскай сістэме, — валідныя, ім давяраюць дзяржаўныя органы. Прайшоўшы працэс рэгістрацыі ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі, людзі атрымаюць перадзапоўненыя перапісныя лісты, і некаторыя графы не трэба будзе запаўняць”, — сказала яна.

„Рэгістрацыя ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі дазволіць максімальна спрасціць людзям праходжанне перапісу насельніцтва”, — дадала яна. У гэтым выпадку „людзям не давядзецца даставаць пашпарт, атэстаты і іншыя дакументы ў прысутнасці перапісчыкаў”.

„Мы чакаем лавінападобны рост зарэгістраваных карыстальнікаў міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі, якія захочуць узяць удзел у перапісе дыстанцыйна”, — адзначыла Штэўніна.

Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі пачала функцыянаваць 1 кастрычніка 2016 года і дазваляе кліентам банкаў, аднойчы прайшоўшы працэдуру ідэнтыфікацыі пры асабістай прысутнасці ў адным з банкаў, атрымліваць абслугоўванне з дапамогай лічбавых каналаў у іншых банках у зручны час.

belapan.by

Фота АИФ