Дэлегацыя Кангрэса ЗША на чале з Майкам Куіглі наведвае Беларусь (абноўлена)



Дэлегацыя Кангрэса ЗША на чале з членам Палаты прадстаўнікоў Майкам Куіглі наведвае Беларусь 13—14 жніўня, паведамляе сайт амбасады Злучаных Штатаў.

„Гэта першы візіт кангрэсмена Куіглі ў Беларусь. Дэлегацыя сустрэнецца з беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб абмеркаваць двухбаковыя адносіны ЗША і Беларусі і падкрэсліць прыхільнасць ЗША да падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі”, — адзначаецца ў рэлізе.

Пра візіт у Беларусь амерыканскага кангрэсмена Майка Куіглі, які прадстаўляе 5-ю выбарчую акругу штата Ілінойс, 13 жніўня паведаміў літоўскі партал Diena.lt са спасылкай на балтыйскае інфармацыйнае агенцтва BNS.

Раніцай 13 жніўня ў Вільнюсе Куіглі сустрэўся з міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам. Бакі абмяняліся меркаваннямі пра сітуацыю ва Украіне, адносіны з Расеяй, а таксама абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі.

Як піша партал навінаў, да кангрэсмена давялі, што Літва лічыць пагрозай нацыянальнай бяспецы Беларускую АЭС, якая будуецца недалёка ад дзяржаўнай мяжы і сталіцы краіны.

Майк Куіглі з’яўляецца членам камітэта ніжняй палаты Кангрэса ЗША па разведцы, які ажыццяўляе нагляд за адмысловымі службамі, у тым ліку падраздзяленнямі міністэрстваў абароны, нацыянальнай бяспекі, юстыцыі, фінансаў, энергетыкі і Дзярждэпартамента.

belapan.by