Створаны сайт пра расстрэлы ў Кабыляках



Ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якая займаецца даследаваннем сталінскіх рэпрэсіяў і пошукам звестак пра закатаваных камуністамі людзей, заснавала свой сайт.

На ім цэнтральнае месца займае спіс расстраляных і ўсе вядомыя звесткі пра гэтых людзей. Як ствараўся сайт распавядае кіраўнік ініцыятывы, даследчык Ігар Станкевіч:

– Шмат інфармацыі мы назапасілі і яна крыху ў сацыяльных сетках прысутнічае, але людзі, напрыклад, у нашыя стужкі дадаюць свае навіны, а наша інфармацыя губляецца. Сам сайт нам дапамаглі зрабіць праз праект «ВП-Акадэмія» бескаштоўна, а на дамен і хостынг мы ўжо збіралі. Прычым я быў так прыемна здзіўлены, таму што нам трэба было дзесьці 380 рублёў сабраць. Мы сабралі ледзьве не ў два разы болей і вельмі хутка. У зборы сродкаў удзельнічала больш як 10 чалавек.

Сайт kobylaki.by мае раздзел «Спіс рэпрэсаваных», а таксама будзе ўтрымліваць артыкулы па тэме, у тым ліку і матэрыялы «Радыё Рацыя» пра сталінскія расстрэлы на Аршаншчыне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша