„Вольны беларускі ўніверсітэт” запрацуе ў бліжэйшыя гады



Праграмы фонду „Вольны беларускі ўніверсітэт” пачнуць працаваць у бліжэйшыя гады. Пра гэта паведаміў  канцлер фонду Аляксандр Мілінкевіч — былы старшыня руху „За Свабоду”, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года.

Паводле яго слоў, сярод заснавальнікаў фонду, які зарэгістраваны ў Варшаве ў 2017 годзе, — пісьменніца Святлана Алексіевіч, вядомы дзяржаўны, палітычны і грамадскі дзеяч прафесар Станіслаў Шушкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі. Заснавальнікі адказваюць за фарміраванне стратэгіі фонду, а яго фінансаванне як грамадскай арганізацыі адбываецца праз гранты, якія выдаюцца донарамі, зацікаўленымі ў развіцці лічбавай адукацыі ў Беларусі.

Каментуючы БелаПАН распаўсюджаную ў СМІ інфармацыю аб тым, што ўжо сёлета ўніверсітэт можа пачаць набор студэнтаў, Мілінкевіч сказаў: гэта здарыцца пазней. Цяпер, паводле яго слоў, „вядзецца праца па стварэнні інклюзіўнай платформы дыстанцыйнага навучання і фарміраванні яе кантэнту”. Частку матэрыялаў плануецца падрыхтаваць па выніках працы штогадовага Кастрычнiцкага эканамiчнага форуму (KEF), які пройдзе ў Мінску. Тэма форуму — „Нябачная рука Левіяфана. Урокі трыццаці гадоў трансфармацыі Беларусі і не толькі”.

„У нас ёсць партнёры — еўрапейскія ўніверсітэты, ёсць канцэпцыя, распрацаваныя методыкі і праграмы, — сказаў Мілінкевіч. — Мы накіравалі свае праекты патэнцыйным донарам. У любым выпадку мы ствараем не класічны ўніверсітэт, які мае будынак і штат супрацоўнікаў. Гэта будзе віртуальнае навучанне праз анлайн-платформу. Наша ідэя — даць беларусам магчымасць атрымаць дыстанцыйную еўрапейскую адукацыю і еўрапейскія сертыфікаты, не пакідаючы краіну”.

Ён удакладніў, што фонд будзе выконваць функцыю аператара, а дыплом па выніках навучання будуць выдаваць тыя еўрапейскія ўніверсітэты, дзе студэнты будуць навучацца пры пасрэдніцтве фонду.

На пытанне, навошта студэнтам пасярэднік у выглядзе фонду, Мілінкевіч адказаў: „Мы ставім мэту падрыхтаваць кампетэнтных беларускіх рэфарматараў для працы і ў сталіцы, і на рэгіянальным узроўні. Мы б хацелі, каб адукацыйныя модулі былі сфарміраваныя і еўрапейскімі, і беларускімі прафесарамі з улікам нашай рэальнасці і патрэбы ў рэфармаванні”.

Кажучы пра спецыяльнасці, якія плануе прапаноўваць новая адукацыйная платформа, Мілінкевіч адзначыў, што гэта будуць неабходныя для рэформаў у Беларусі спецыяльнасці: менеджмент, эканоміка, фінансы, кіраванне. На думку Мілінкевіча, падрыхтоўка па многіх гуманітарных і сацыяльных спецыяльнасцях вядзецца ў большасці беларускіх ВНУ „ў адсталых формах”.

БелаПАН