Навошта сустракацца з дэпутатамі, якія нічога не вырашаюць?
Распрацоўшчыкі зменаў і дапаўненняў у выбарчы кодэкс Беларусі з дэмакратычных партыяў і арганізацыяў наведалі Палату прадстаўнікоў і сустрэліся са старшынём камісіі па мясцоваму самакіраванню і рэгламенту Леанідам Цупрыкам.
Як вядома, прапановы зменаў у выбарчае заканадаўства не так даўно былі ўнесены ў парламент дэпутатам Ганнай Канапацкай. У сустрэчы ўдзельнічалі трое палітыкаў з тых, хто распрацоўваў змены. Гэта першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і дырэктар цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.
Па яго словах, нехта з дэмакратычных актывістаў можа задаць пытанне: навошта сустракацца з дэпутатамі, якія нічога не вырашаюць:
– Мяне насцярожвае тая валтузня, якая адбываецца вакол праекту закона «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс». Ёсць адчуванне, што ўлады хочуць набраць дадатковыя балы для сябе. Зараз, калі ў Беларусь прыедуць прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ і, магчыма, Еўрапейскага парламента, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, то прагназую, што і тая ж самая Ярмошына, і той жа Андрэйчанка будуць хорам казаць, што яны адкрытыя, вось законапраект ёсць.
Па словах Анатоля Лябедзькі, праца апазіцыі з Палатай прадстаўнікоў прадэманструе і беларускаму грамадству, і міжнародным партнёрам – ці насамрэч ёсць палітычная воля ў дэпутатаў мяняць выбарчае заканадаўства і вяртаць права выбару 7 мільёнам беларускіх грамадзянаў ці гэта чарговы падман.
Беларускае Радыё Рацыя