Здароваму харчаванню беларусаў перашкаджае адсутнасць матывацыі



Перайсці на прынцыпы здаровага харчавання 40% беларусаў перашкаджае адсутнасць матывацыі, заявіла на прэс-канферэнцыі 13 жніўня галоўны пазаштатны дыетолаг камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Марына Папова.

Паводле яе слоў, гэта асноўная прычына, якая апярэдзіла недахоп ведаў або фінансавых сродкаў, што перашкаджае людзям весці здаровы лад жыцця. Яшчэ 40% жыхароў Беларусі лічаць, што вядуць здаровы лад жыцця, у тым ліку ў плане харчавання.

Як адзначыла Папова, спецыялісты сістэмы аховы здароўя прааналізавалі рацыён харчавання суайчыннікаў. Аналіз паказаў скарачэнне спажывання хлеба, бульбы і круп. Разам з тым занадта павольна павялічваецца ў рацыёне доля мяса, гародніны, садавіны. Многія працягваюць залішне спажываць соль і цукар, рафінаваныя вугляводы. У сярэднім мужчыны спажываюць 12,4 г солі ў дзень, жанчыны — 9 г. Паказчык смяротнасці ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў, звязаны з празмерным спажываннем натрыю, складае 21,4%.

Паводле інфармацыі вядучага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірыны Кедравай, даследаванні фактычнага харчавання розных катэгорый насельніцтва, якія праводзіліся ў НПЦ, паказалі, што дзеці і дарослыя спажываюць залішнюю колькасць насычаных тлушчаў. Працягвае расці колькасць людзей, якія маюць залішнюю масу цела, — больш за 60% дарослых і траціна дзіцячага насельніцтва. Большасць гэтых дзяцей не расстануцца з лішняй вагой і ў дарослым узросце, лічаць медыкі. Ад атлусцення пакутуюць больш за 20% жыхароў краіны.

Найбольш ярка выяўленыя негатыўныя тэндэнцыі ў харчаванні назіраліся ў асоб старэйшага ўзросту і школьнікаў, у асноўным падлеткаў. Практычна для ўсіх узроставых груп характэрна недастатковае ўтрыманне ў рацыёне кальцыю, паніжанае спажыванне вітаміну D і шэрагу іншых вітамінаў. У жанчын фертыльнага ўзросту адзначаецца паніжанае ўтрыманне ў рацыёне жалеза.

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, расце колькасць неінфекцыйных захворванняў. Хранічныя неінфекцыйныя захворванні (ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, неспецыфічныя захворванні лёгкіх, цукровы дыябет, анкалагічныя захворванні) з’яўляюцца прычынай смерці ў 2/3 выпадкаў.

БелаПАН

Фота: minsknews.by