Белаконеў: Беларусь занепакоеная зрушэннем акцэнтаў на вучэннях НАТА



Беларусь занепакоеная „зрушэннем акцэнтаў на вучэннях войскаў НАТА ля межаў Саюзнай дзяржавы — ад абарончых і спецыяльных дзеянняў да абарончых і наступальных”. Пра гэта заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў 14 жніўня на брыфінгу ў Менску.

Брыфінг быў прысвечаны беларуска-расійскім вучэнням „Шчыт Саюза — 2019”, якія пройдуць у верасні на тэрыторыі РФ. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі СМІ і ваенна-дыпламатычнага корпусу пасольстваў 12 дзяржаў: Азербайджана, Балгарыі, В’етнама, Вялікабрытаніі, Германіі, Казахстана, Кітая, Літвы, Расіі, Сірыі, Украіны і Чэхіі.

Паводле слоў Белаконева, Беларусь „паслядоўна і мэтанакіравана праводзіць міралюбную палітыку, імкнецца да дээскалацыі напружанасці ва Усходняй Еўропе і падтрымлівае ўсе захады па ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі і пояса добрасуседства”, што пацвярджаецца сустрэчай з прэсай і замежнымі ваенным аташэ.

„Для аб’ектыўнага разумення і папярэджання магчымага нагнятання становішча вакол будучых вучэнняў хачу акцэнтаваць увагу, што правядзенне сумесных вучэнняў з саюзнікамі, я маю на ўвазе з заходнімі саюзнікамі, — гэта нармальная практыка ў навучанні войскаў, — сказаў начальнік Генштаба. — Нашы найбліжэйшыя суседзі такія вучэнні праводзяць на сваёй тэрыторыі рэгулярна, з яшчэ большым маштабам і колькасцю прыцягнутых сіл і сродкаў. І скіраванасць гэтых вучэнняў зусім не заўсёды мае абарончы характар”.

Белаконеў заявіў, што ў навучальных мерапрыемствах з удзелам шматнацыянальнага кантынгенту аб’яднаных узброеных сіл НАТА „адпрацоўваюцца пытанні прымянення войскаў у непасрэднай блізкасці да межаў Саюзнай дзяржавы, а змест некаторых задач, якія вырашаюцца, [прызначаны] для вядзення менавіта наступальных дзеянняў”. Гэта, у прыватнасці, „істотнае нарошчванне груповак, правядзенне рэкагнасцыровак маршрутаў, высоўванне войскаў баявога прызначэння, фарсаванне водных перашкод, высадка дэсантаў, захоп аб’ектаў, адсяленне мясцовага насельніцтва на напрамку будучых дзеянняў” і іншае.

„Аналіз зместу найбольш буйных з іх, такіх як „Анаконда-2018” або „Дрэган-2019″, сведчыць аб працягу ў НАТА прапрацоўцы варыянтаў, на жаль, сілавога рэагавання на крызісы і канфлікты, якія могуць узнікнуць на прасторы былога Савецкага Саюза. Пры гэтым у скіраванасці асноўных мерапрыемстваў падрыхтоўкі войскаў мае месца зрушэнне акцэнту ад абарончых і спецыяльных дзеянняў да абарончых і наступальных. Вось гэта ўжо нас не можа не турбаваць”, — падкрэсліў першы намеснік міністра.

Разам з тым, паводле яго слоў, Беларусь „ні пра якую пагрозу з Захаду не заяўляе і абвінавачанняў у агрэсіі не выстаўляе”, нягледзячы на тое што такія заявы гучалі на адрас Беларусі перад вучэннямі „Захад-2017”.

„Складалася ўражанне, што некаторыя СМІ і інфармацыйныя рэсурсы спаборнічалі ў распаўсюджванні адкрыта ілжывай, фэйкавай інфармацыі, — сказаў Белаконеў. — Прайшло два гады — і што ў выніку? Ні адзін з прагнозаў гора-аналітыкаў не апраўдаўся. Ніякай агрэсіі не было, гаворкі пра яе і не ішло. Расійская частка рэгіянальнай групоўкі войскаў у поўным аб’ёме ва ўстаноўленыя тэрміны вярнулася ў пункты пастаяннай дыслакацыі. Сёння, спадзяюся, усе разумеюць, якія гэта былі вар’яцкія фантазіі некаторых запалёных розумаў. Але ніхто за гэта не адказаў і нават не папрасіў прабачэння”.

Беларуска-расійскія аператыўныя вучэнні „Шчыт Саюза — 2019” пройдуць з 13 па 19 верасня на палігоне Заходняй ваеннай акругі Узброеных сіл РФ Муліна ў Ніжагародскай вобласці. Тэма вучэнняў: „Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

belapan.by

Фота sputnik.by