Ярмошына прапанавала абмежаваць журналістам месца здымкі
Абмежаваць журналістам месца здымкі на выбарчых участках прапанавала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 14 жніўня, паведамляе БелаПАН.
«Беларусі, магчыма, варта пераняць расейскі вопыт цвёрдага абмежавання журналістам месца для вядзення здымкі на выбарчых участках», – заявіла яна.
– Калі вы будзеце прысутнічаць як журналіст, як прадстаўнік сродкаў масавай інфармацыі, то, зразумела, вы можаце весці відэаздымку і фотаздымку, бо журналістам дадзеная такая магчымасць. Што датычыцца ўмоў, у якіх вы будзеце знаходзіцца, то гэта месца, якое вызначыць старшыня ўчастковай камісіі. Магчыма, і нам трэба пайсці па шляху Расейскай Федэрацыі: на кожным участку вызначаюцца, зноў-такі, старшынёй месцы для вядзенне здымкі, і выйсці за межы гэтага месца – нельга.
На мінулым тыдні на сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» было апублікавана паведамленне аб тым, што Цэнтрвыбаркам зняў забарону для назіральнікаў на вядзенне фотаздымкі на выбарчых участках. Гэта вынікае з палажэнняў зацверджанага ў траўні метадычнага дапаможніка па выбарах дэпутатаў для ўчастковых выбарчых камісій.
У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца: «Нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс не паказвае на права назіральнікаў ажыццяўляць фотаздымку ў памяшканні для галасавання, варта дазваляць назіральнікам па іх просьбе зрабіць некалькі фотаздымкаў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для сяброў участковай камісіі і выбарцаў». У дапаможніку таксама адзначана, што старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, з якога дазваляецца зрабіць здымкі. Яно павінна быць пазначана паказальнікам з надпісам «Месца для фотаздымкі».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя