Астравецкая АЭС павінна адпавядаць стандартам бяспекі



Еўразвяз павінен прыкласці ўсе намаганні, каб Астравецкая АЭС адпавядала стандартам бяспекі, заявіла канцлер Германіі Ангела Меркель па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам 14 жніўня ў Берліне.

„Мы гаварылі пра Беларусь і атамную станцыю. Германія падтрымлівае пазіцыю Літвы, што мерапрыемствы па арганізацыі бяспекі павінны быць выкананы да ўводу станцыі ў эксплуатацыю. І Еўрапейскі звяз таксама павінен прыкласці ўсе намаганні, каб гэтая атамная станцыя ў Астраўцы сапраўды адпавядала стандартам бяспекі, якія мы сабе ўяўляем, бо мы не можам падвяргаць сябе небяспецы”, — сказала Меркель.

Паводле яе слоў, паляпшэнне стандартаў бяспекі атамных станцый было „вялікай задачай” для краін Балтыі „пасля ўступлення або ў сувязі з уступленнем у ЕЗ”. „І гэта, вядома, павінна быць гарантавана і ў суседзяў, бо Астравец знаходзіцца за 50 км ад сталіцы Літвы Вільнюса”, — адзначыла Меркель.

Гітанас Наўседа пацвердзіў абмеркаванне тэмы Астравецкай АЭС з Меркель. „Нам патрэбна падтрымка Германіі як адной з самых уплывовых краін Еўропы, і гэта тычыцца таксама пытанняў ядзернай бяспекі, перш за ўсё атамнай станцыі ў Астраўцы. Мы яшчэ раней падкрэслівалі, што гэтая станцыя будуецца па палітычных матывах. Рэкамендацыі па выніках стрэс-тэстаў не былі выкананы”, — заявіў Наўседа.

„Нягледзячы на гэта, — адзначыў ён, — мы задаволеныя супрацоўніцтвам з Беларуссю. І ўсё ж такі мы просім сваіх партнёраў аб падтрымцы ў пытанні выканання патрабаванняў да бяспекі гэтай атамнай станцыі”.

БелаПАН